Норман Таннэр SJ разважае над жыццём Аўгустына Бэа (Augustin Bea). Нямецкі кардынал – адзін з дванаццаці знакамітых езуітаў, якія былі прадстаўлены ў спецыяльным календары, выдадзеным у Велікабрытаніі ў гонар 200-годдзя аднаўлення Таварыства Езуса.
Жыццё
Прыйшоўшы на свет у 1881 годзе ў Рыдбёрынген, вёсцы паблізу Шварцвальда (“Чорнага Лесу”) у Баварыі, Аўгустын быў адзіным дзіцём у Карла і Марыі Бэа. Пасля заканчэння школы ён два гады вывучаў тэалогію ва ўніверсітэце Фрайбурга. Затым, маючы 21 год, распачаў новае жыццё як езуіт, уступіўшы ў навіцыят Паўднёвай нямецкай правінцыі. Скончыў звыйчайныя для езуіта курсы філасофіі і тэалогіі і атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1912 годзе. У хуткім часе ён выбраў сваёй спецыялізацыяй старажытную блізкаўсходнюю філалогію і працягнуў навучанне ў Берлінскім універсітэце, а потым з 1917 па 1921 гг. выкладаў Стары Запавет у Валкенбургу ў Галандыі, выконваючы адначасова функцыі прэфекта.
Надыйшоў час новых важных заданняў. Ён быў прызначаны правінцыялам (настаяцелем) правінцыі Баварыя і візітатарам (інспектарам) місіі Таварыства Езуса ў Японіі. Затым у 1924 г. ён быў прызначаны прафесарам Біблійнага інстытута ў Рыме, дзе працаваў больш за 30 гадоў, выконваючы абавязкі рэктара з 1930 па 1949 гады. За гэты час дадалося шмат іншых абавязкаў і пасадаў: праца непасрэдна ў Папскай Біблійнай камісіі і ў Кангрэгацыі веравучэння (тады яе называлі Святой Камісіяй); старшыня камісіі па пераглядзе лацінскага псалтыра; спаведнік Папы Пія XII з 1945 года і да смерці ў 1958 годзе.
У той жа час ён напісаў вялікую колькасць кніг і артыкулаў, накрэсліўшы творчы сярэдні шлях у біблійных даследваннях між фундаменталізмам і перабольшаным рэлятывізмам. У 1935 годзе са згоды Папы Пія ХІ ён удзельнічаў у кангрэсе пратэстантскіх даследчыкаў на тэму Старога Запавету ў Гётынгене ў Германіі і спрыяў экуменічнаму супрацоўніцтву ў вывучэнні Бібліі. Значным быў і ягоны ўнёсак у энцыкліку Папы Пія ХІІ аб інтэрпрэтацыі Пісання “Divino afflante Spiritu” (першыя словы лацінскага тэксту), апублікаванай у 1941 годзе, якая падтрымала адказнае каталіцкае вывучэнне Бібліі.
Трэцяя і заключная частка жыцця Аўгустына Бэа распачалася ў 1959-м. У той год новаабраны Папа Ян ХХІІІ зрабіў яго кардыналам і неўзабаве прызначыў Прэфектам (кіраўніком) Сакратарыята па справах адзінства хрысціянаў; гэтую пасаду Бэа займаў да канца свайго жыцця. Ён адыграў важную ролю ў працы Другога Ватыканскага Сабора (1962-65), асабліва ў стварэнні дагматычнай канстытуцыі Dei Verbum. Яе велізарнае ўздзеянне адчуваецца і сёння, бо яна заахвочвае хрысціян ды, па сутнасці, усіх людзей чэрпаць з багатай крыніцы Святога Пісання праз жыццё і малітву, але таксама і праз вывучэнне. Бэа ўплываў больш на падрыхтоўку і напісанне Dei Verbum, чым на ўспрыманне, таму што памёр у Рыме праз тры гады пасля завяршэння Сабора ў пачцівым узросце 87 гадоў.
Разважанне
Жыццё Бэа было доўгім і насычаным. Я сам, маючы зараз 70 год, пакрысе “даганяю” працягласць ягонага жыцця. Таму ў маіх развагах ёсць штосьці асабістае. Я падзяліў іх на чатыры тэмы.
1.Непрадказальнасць. Даволі відавочны аспект, але варта пагаварыць аб ім на самым пачатку. Мы схільныя занадта лёгка чытаць жыццяпісы, не выпускаючы з увагі іх фінал, нібыта канчатковы вынік быў непазбежны. Напэўна, ён загадзя вядомы Богу, але не нам, і не чалавеку, аб якім мы чытаем! У гэтым сэнсе, Аўгустыну Бэа пашчасціла, бо ён, немец, перажыў – далёка не непазбежна – жахі дзвюх сусветных войнаў.
2.Нацыянальнасць. Езус быў габрэем да кончыкаў пальцаў, так бы мовіць. Нацыяльнасць – вельмі важны фактар нават у наш некалькі наднацыяльны век, калі перасячэннне межаў і пражыванне ў іншых краінах стала звычайнай справай. Бэа валодаў выдатнымі якасцямі сваёй нацыі.
Для мяне, англічаніна, Германія займала значнае месца ў дзяцінстве. Я нарадзіўся падчас Другой сусветнай вайны. Мой бацька служыў у RAF (Каралеўскія паветраныя войскі). Для яго і мамы, а таксама для іх бацькоў і сваякоў абедзьве вайны сталі вялікімі, прынеслі шмат няшчасця. Аднак, школьнікамі (магчыма, насуперак бацькам), мы былі хваравіта захопленыя подзвігамі нямецкай арміі і вельмі паважалі народ Германіі.
Сувязі нашых дзвюх краін сапраўды больш глыбокія. Англія, зямля англаў, прыметнік англасаксонскі і англійская мова раскрываюць нашы карані ў нямецкіх плямёнаў, якія прыйшлі ў наш край у шостым стагоддзі. Баніфацый (675-754), англійскі манах і вялікі місіянер Германіі, добра ведаў наколькі інтымныя гэтыя сувязі. У вядомым лісце да англійскага народа ён прасіў аб малітвах і дапамозе ў навяртанні тых, хто “з вамі адна кроў і косць”. Такая роднасць ёсць і ў маіх костках, таму нейкім чынам кардынал Бэа блізкі мне.
3 Божая воля і нашае супрацоўніцтва. Доўгае жыццё Бэа паказвае інтымную, але складаную сувязь паміж Божай воляй і нашым супрацоўніцтвам. Мы можам толькі закрануць паверхню: поўная праўда вядомая аднаму Богу і часткова Аўгустыну. Мы можам заўважыць гэтае супрацоўніцтва спачатку праз адказнае і пабожнае выхаванне, якое яму далі бацькі. Потым малады Аўгустын прымае ініцыятыву, адказваючы на волю Бога і ўсведамляючы свае ўласныя таленты: спачатку два гады вывучае тэалогію ў Фрайбургу, а потым просіць прыняць яго ў езуіцкі навіцыят.
Уключаны ў Таварыства Езуса праз абяцанні, якія ён прынёс у канцы двухгадовага навіцыяту, Бэа працягвае далей разважліва супрацоўнічаць з Богам: падпарадкоўваецца езуіцкім правілам і распараджэнням настаяцеляў. Яго доўгае жыццё і служэнне ў ордэне вымоўна сведчаць пра плённае супрацоўніцтва з Божай воляй, а таксама з дырэктывамі езуіцкага кіраўніцтва і іншых прадстаўнікоў касцёльнай улады, у прыватнасці, рымскіх папаў, але ў той жа час ён усведамляў уласныя дары і давяраў сваёй інтуіцыі. Цудоўнае спалучэнне творчай вернасці!
4.Праца для папства. Адным з апошніх абяцанняў, якое Бэа прынёс разам з іншымі езуітамі неўзабаве пасля іх святарскага пасвячэння, была паслухмянасць Святому Айцу. Жыццё Бэа, прадстаўленае вышэй, паказвае, наколькі яскрава ажыццявілася гэтае абяцанне: доўгае апостальства ў Біблійным інстытуце пад непасрэднай папскай уладай; камісіі, даручаныя папамі Піем XII, Янам XXIII і Паўлам VI, у тым ліку праца падчас Другога Ватыканскага Сабору. Але і тут ягоная вернасць была творчай. У раннія гады як езуіт ён перажыў мадэрнісцкі крызіс, калі Папа Пій X перасцерагаў перад залішне ліберальнай інтэрпрэтацыяй Бібліі; шматлікія біскупы Ватыканскага Сабору пайшлі па аналагічнай лініі, якая была супрацьлеглай больш адкрытай пазіцыі Бэа. Праца для папства напэўна прыносіла яму цярпенне і трывогу разам з суцяшэннем.
Акадэмічнае апостальства
Дазвольце мне дадаць некалькі думак пра Аўгустына Бэа як даследчыка. Выкладанне і навуковая дзейнасць былі галоўнымі рысамі ягонага жыцця і мяне, чалавека з некаторым настаўніцкім і пісьменніцкім вопытам, гэтыя аспекты асабліва цікавяць.
- Мноства роляў. Сярод выкладчыкаў Оксфардскага ўніверсітэта ў часы, калі я чытаў там лекцыі, хадзіла выслоўе, што існуюць тры задачы, і вам прыйдзецца займацца любымі двума з іх: выкладанне, навуковая праца і адміністраванне. Бэа адзначаўся тым, што ён выступаў ва ўсіх трох накірунках і то на самым высокім узроўні ў акадэмічным асяроддзі. Ён друкаваў кнігі і артыкулы на працягу доўгага перыяду часу, і, як ужо згадвалася, выкладаў у Валкенбургу і Біблійным інстытуце ў Рыме. Варта дадаць яго нястомную працу як адміністратара ў розных арганізацыях, дзе ён дапамагаў і падтрымліваў мноства людзей: абавязкі кіраўніка ў Валкенбургу і Рыме, удзел у папскіх камісіях і дзейнасць на Другім Ватыканскім Саборы. Выдатнай таксама з’яўляецца плённасць яго працы. Сабор натхняе ўсё новыя пакаленні: наступныя папы рашуча прапагандавалі біблійныя даследаванні і важнасць Святога Пісання ў жыцці хрысціянаў; Біблійны інстытут у Рыме працягвае квітнець і даваць настаўнікаў і пастыраў для Касцёла.
- Нямецкая акадэмічная навука. На працягу жыцця Аўгустына Бэа нямецкая навука ў галіне біблійных даследаванняў (і не толькі) карысталася вялікай павагай. Пратэстанты і іншыя навукоўцы з Германіі, а не каталікі, пачалі ўжываць іншы падыход да біблістыкі ў канцы 19 і пачатку 20 стагоддзяў. Бэа ўвайшоў у гэтую традыцыю і дапамог Каталіцкаму Касцёлу прыняць яе моцныя бакі, а таксама ўсвядоміць яе межы. Празмерная асцярожнасць у дачыненні да вывучэння Бібліі, якая завяршылася крызісам мадэрнізму пачатку 20-га стагоддзя, змянілася пад уплывам больш пазітыўнага падыходу Папы Пія XII і асабліва, дзякуючы дакументу Другога Ватыканскага Сабора пра Святое Пісанне, “Dei Verbum”. Бэа быў блізка да Пія XII і адыграў галоўную ролю ў стварэнні гэтай дагматычнай канстытуцыі.
- Шырэйшы свет. Бэа, безумоўна, карыстаўся ў поўнай меры сваімі нямецкімі каталіцкімі каранямі, але ён з гатоўнасцю перайшоў на больш шырокую сцэну. Ён пакінуў родны край і пераехаў у Рым. Ён здолеў выйсці ў сваім бачанні за абмежаванні каталіцкага навучання, каб ацаніць погляды пратэстанцкіх і свецкіх навукоўцаў. Сапраўды, ён стаў сусветна вядомай постаццю. Несумненна яму вельмі дапамагала езуіцкае пакліканне, якое патрабавала мабільнасці і пастаяннага пошуку большага дабра. Але без яго ўласнага супрацоўніцтва і вернасці добрыя вынікі не былі б дасягнуты.
Заканчэнне
Завяршыць я хачу ўдзячнасцю. Аўгустын Бэа падтрымлівае і падбадзёрвае нас на многіх франтах. Яго жыццё і прыклад заклікаюць максімальна выкарыстоўваць таленты, дадзеныя нам, а таксама магчымасці, якія прапануе жыццё; у той жа час запрашаюць уважліва ставіцца да ўсяго канструктыўнага і разумнага ў іншых людзях – нашых братах і сёстрах у Хрысце, самымі разнастайнымі спосабамі, а перадусім быць уважлівымі да Бога. Нарэшце, тым з нас, хто прысвячае шмат часу акадэмічнай працы, кардынал забяспечвае сваю асаблівую падтрымку і натхненне.
Норман Таннэр SJ
Крыніца: Cardinal Augustin Bea SJ