Гісторык мастацтва Святлана Адамовіч, выкарыстаўшы публікацыі, заснаваныя на аўтэнтычных дакументах езуітаў, і матэрыялы, выяўленыя ў архівах Беларусі, Літвы, Масквы і Санкт-Пецярбурга, у артыкуле для часопіса “Наша вера” піша пра гісторыю будаўніцтва пінскай святыні. У тэксце змешчаны старажытныя гравюры і малюнкі, а таксама фотаздымкі 1-й чвэрці XX ст.

Пасля Люблінскай уніі 1569 года, якая аб’яднала Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу ў Рэч Паспалітую, на тэрыторыі Беларусі было заснавана шмат рыма-каталіцкіх касцёлаў і кляштараў. Аднымі з першых на новых землях з’явіліся члены ордэна езуітаў.

Стэфан Баторый бачыў у езуітах сродак для ажыццяўлення сваіх палітычных намераў і шчодра апекаваўся ордэнам, адорваючы яго землямі і прывілеямі, будуючы касцёлы, кляштары, школы. Пры Жыгімонце ІІІ (католіку) праграма езуітаў стала палітычнай праграмай дзяржавы.

Выгляд храма пінскага кляштара. Фота пач. ХХ ст. (з РДІА г. Санкт-Пецярбурга).

Шмат якія магнаты і мясцовыя феадалы ішлі за прыкладам сваіх уладароў і набліжалі да сябе езуітаў: бралі іх у духоўнікі, ахвяравалі сродкі на будаўніцтва місіяў, рэзыдэнцыяў і калегіумаў. Уласнасць калегіумаў усё больш павялічвалася за кошт гэтых дарункаў, а таксама ліхвярскіх аперацыяў, якія езуіты праводзілі досыць умела.

Ордэн езуітаў у канчатковым выніку стаў адным з найбуйнейшых землеўладальнікаў Беларусі.

С.Бярнарскі, супрацоўнік Архіва Правінцыі Малапольскай, сцвярджае, што пасля ліквідацыі езуіцкага ордэна ў 1773 годзе 90% старажытных польскіх архіваў езуітаў незваротна загінулі. Аднак у архівах Рыма (1), Парыжа, Кракава, Варшавы і іншых гарадоў захоўваюцца шматлікія дакументы, якія датычаць езуіцкіх канвентаў. У гэтай працы выкарыстаны матэрыялы, выяўленыя ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы і Архіве старажытных актаў (г. Масква). Гэта – візітацыйныя і інвентарныя апісанні рухомай і нерухомай маёмасці, дакументы пра рамонт і перабудову кляштарных збудаванняў, сведчанні пра ўнутранае жыццё пінскага канвенту, а таксама пра дзейнасць езуітаў у розныя перыяды іх існавання і пра падзеі, сведкамі якіх яны былі.

Сярод выяўленых матэрыялаў надзвычай каштоўная калекцыя дакументаў 16-18 стст., якія захоўваюцца ў Архіве старажытных актаў. Гэта тастаманты розных асобаў на карысць пінскага езуіцкага кляштара, купчыя паперы на дамы, землі, гарадскія ўчасткі, кантракты з майстрамі, апісанні будынкаў і іншыя дакументы.

Сярод публікацый найбольш значнымі з’яўляюцца тыя, аўтары якіх працавалі з аўтэнтычнымі дакументамі езуітаў. З гэтай групы бібліяграфічных крыніцаў варта назваць пяцітомавую працу С.Заленскага «Езуіты ў Польшчы», а таксама «Слоўнік мастакоў-езуітаў», складзены польскімі даследчыкамі Я.Паплатэкам і Е.Пашэндам. У гэтых працах сабраныя багатыя звесткі па гісторыі езуіцкіх кляштараў, у тым ліку пінскага. Бясспрэчную цікавасць маюць таксама працы па гэтай тэме даследчыкаў Я.Мараша, В.Чантурыі, Е.Квітніцкай.

Гісторыя існавання і дзейнасці езуіцкага канвента пазначаная не толькі ўзлётамі, але і заняпадамі, частымі пажарамі, аблогамі і разбурэннямі. «Таварыства Езуса», як часта называлі сябе езуіты, «…нагадвала, з аднаго боку, войска з цэнтралізацыяй улады зверху… з чыста вайсковаю дысцыплінаю; з другога – гэта тайнае таварыства, дзейнасць якога была абсалютна схаваная ад чужых вачэй». Езуіты знаходзіліся ў варожым для сябе асяродку і таму павінны былі думаць не толькі пра патаемнасць сваіх заняткаў, але і пра абарону.

Кляштар айцоў езуітаў у Пінску.
Гравюра ХІХ ст.

Зазвычай кляштары атачалі моцныя муры. Калегіум будаваўся такім чынам, каб пры неабходнасці мог выконваць абарончыя функцыі, стаць своеасаблівай крэпасцю і абараніць усіх схаваных у ёй. Пінскі езуіцкі кляштар, адлюстраваны на адной са старажытных гравюраў, як бы пацвярджае вышэйсказанае: магутная, узмоцненая контрфорсамі і вежамі сцяна (ужо даволі моцна разбураная) атачае касцёл і велізарны калегіум. Будынак практычна не мае праёмаў на першым паверсе, у ім усяго некалькі вузкіх вокнаў – байнічкаў.

Нават калі дапусціць магчымую ўмоўнасць таго, што адлюстравана на гравюры, ёсць усе падставы меркаваць, што пінскі езуіцкі кляштар першапачаткова выглядаў менавіта гэтак.

З’яўленне езуітаў у Пінску не было выпадковасцю: яны заўсёды імкнуліся да вялікіх гарадоў і мястэчкаў. Пінск на пачатку 17 ст. (побач з такімі гарадамі, як Полацк, Віцебск, Мінск) з’яўляўся буйным цэнтрам Рэчы Паспалітай: у ім налічвалася больш за 10.000 жыхароў, 800 жылых дамоў, 14 цэркваў і 2 кляштары (каталіцкі і праваслаўны). Цэнтрам горада заставаўся замак, вакол якога мясціліся дамы гараджанаў, зямельныя ўчасткі, кірмаш і мноства цэркваў. У 1630 годзе ў доме, пабудаваным пінскім стольнікам Мікалаем Ельскім, езуіты заснавалі рэзідэнцыю – месца сталага знаходжання членаў ордэна, якое праз два гады было ператворана ў калегіум.

Галоўны фасад касцёла св. Станіслава і калегіум айцоў езуітаў. Арх. Ф.Крамер. 1800 г.
РДІА г.Санкт-Пецярбурга.

Нягледзячы на жорсткую барацьбу мясцовага насельніцтва, якое варожа ставілася да езуітаў, магутны ордэн хутка пракладаў сабе шлях: на шчодрыя дары пінскага старосты Станіслава Альбрэхта Радзівіла побач з рэзідэнцыяй была спачатку збудаваная капліца, а ў 1635 годзе на зямлі «przy cerkwi Św. Jerzego» адбылася закладка каменнага касцёла, урачыста асвечанага ў 1646 годзе пад тытулам Святога Станіслава. Паблізу будучага касцёла ў 1651 г. было распачатае будаўніцтва двухпавярховага будынка школы-калегіума.

Падчас вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648-1654 гг. атрады казакаў на чале з Б.Хмяльніцкім зруйнавалі на сваім шляху ўсё, што звязвалася з каталіцтвам: у Пінску былі разрабаваныя і разбураныя будынкі францішканскага і езуіцкага кляштараў.

Падзеі руска-польскай вайны прынеслі жыхарам горада незлічоныя пакуты: у 1655 г. шмат якія гарадскія будынкі, у тым ліку кляштар езуітаў, зноў апынуліся ў пажарышчы. У канцы стагоддзя для кляштара нарэшце настаў шчаслівы час: нават войска шведскага караля Карла ХІІ, якое ў 1706 г. падчас акупацыі Пінска зруйнавала мястэчка Каралін і разбурыла сам горад, пашкадавала езуіцкія забудовы.

Не выклікае сумнення той факт, што члены «Таварыства Езуса» разлічвалі застацца ў горадзе надоўга, а можа, і назаўсёды, бо ў самым цэнтры Пінска яны збудавалі велічны касцёл і калегіум, якому адводзілася важная роля: падпарадкаваць грамадскую думку інтарэсам ордэна.

План езуіцкага кляштара ў Пінску. Канец ХVІІІ ст. (З фондаў Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы, г. Вільня).

Будаўнічая дзейнасць езуітаў прывяла да таго, што ў 17 ст. цэнтр горада перамясціўся на ўсход, і своеасаблівым фокусам радыяльна сфармаваных вуліцаў стаў не замак, як было раней, а езуіцкі кляштар, які актыўна ўвайшоў у гарадскую планіроўку і змяніў яе выгляд (2). З гэтага часу ён як бы «трымае» горад: маштабы касцёла і калегіума, іх строгая і велічная архітэктура робяць будынак езуіцкага кляштара галоўным не толькі на пляцы, але і ва ўсім горадзе – пра гэта сведчаць планы і гістарычныя фотаздымкі Пінска.

Польскі мастацтвазнаўца Адам Мілабендскі сцвярджае, што ў 17 ст. на тэрыторыі ВКЛ будаўнікамі кляштарных комплексаў зазвычай «былі польскія або апалячаныя дойліды, якія па традыцыі з’яўляліся членамі архітэктурна-скульптурных групаў і цэхаў, а таксама прафесійныя архітэктары новага тыпу, пераважна іншаземцы». Пад «апалячанымі дойлідамі» А.Мілабендскі, напэўна, мае на ўвазе мясцовых майстроў.

Даследчык будаўнічай дзейнасці езуітаў, ксёндз Ежы Пашэнда, адзначае, што ў 16-17 стст. значэнні слоў «муляр» і «дойлід» былі сінанімічныя, таму адрозніць праектантаў і шараговых будаўнікоў часта амаль немагчыма. Пазней сітуацыя змянілася і будаўнічыя прафесіі дакладна размежаваліся: так, напрыклад, мулярамі маглі быць звычайныя манахі, а архітэктарамі толькі тыя, хто атрымаў спецыяльную, часцей за ўсё матэматычную адукацыю. На будаўніцтве езуіцкіх будынкаў маглі працаваць і не члены ордэна, але імі нязменна кіраваў манах-езуіт.

У 1980-х гг. у сувязі з рэстаўрацыяй будынка калегіума спецыялісты інстытута «Белпраектрэстаўрацыя» (навуковы кіраўнік Г.Босак) правялі комплексныя навуковыя даследаванні, якія пацвердзілі першапачатковую версію (3) рэстаўратараў пра неадначасовае будаўніцтва двух карпусоў, адзін з якіх размешчаны паралельна Піне (захад – усход), а другі – пад прамым вуглом да першага (поўдзень – поўнач). Гэты факт пацверджаны і дакументальна: знойдзены кантракты з майстрамі на выкананне будаўнічых, сталярных, кавальскіх і іншых работ. Так, напрыклад, у 1651 годзе паміж кіраўніцтвам калегіі і мулярам Матэвушам Фалькоўскім заключаны кантракт, паводле якога апошні павінен быў «…кіраваць будаўніцтвам пінскай калегіі ў адпаведнасці з праектам…»

Другі кантракт, датаваны 7 сакавіка 1654 г., падпісаны Р.Валовічам і М.Фалькоўскім, архітэктарам, кіраўніком будаўніцтва пінскага калегіума («Architektem rzemiosła mularskiego»), жыхаром Вільні, які абавязваўся закончыць распачатую працу.

З дакументаў відавочна, што Матэуш Фалькоўскі кіраваў не толькі ўзвядзеннем калегіума, але і касцёла. Яму былі дадзеныя вялікія паўнамоцтвы: дойлід браў на працу патрэбных яму майстроў, прызначаў ім аплату.

Комплекс езуіцкага кляштара дамінаваў не толькі ў межах пляца, але і ўсяго горада.

У кантрактных дакументах 1665, 1668 і пачатку 1670-х гг. запісаны імёны іншых удзельнікаў будаўніцтва комплекса езуіцкага кляштара ў Пінску: «магістраў рамяства каменнага, жыхароў віленскіх» Даніэля Драздоўскага і Якуба Вайтаховіча, слесара Станіслава Ражыцкага і Крыштафа Будзоўскага, «магістра рамяства ганчарнага» і іншых.

Бясспрэчную цікавасць мае кантракт, датаваны 1672 годам, заключаны рэктарам пінскай калегіі М.Стажыньскім з «архітэктарам рамяства мулярскага», віленскім магістрам Янам Вінцэнтам Сальвадорам, які ўзяў на сябе абавязак «…ад самай зямлі… збудаваць пінскі калегіум, злучыўшы новыя муры са старымі мурамі, выклаўшы скляпенне найлепшым чынам…»

У 1670-х гг. рэканструкцыя калегіума была завершаная (4). Будынак складаўся з двух розных па велічыні аб’ёмаў, якія сыходзіліся пад прамым вуглом; сваім падоўжаным заходнім фасадам арыентаваўся на пляц, дзе са старажытных часоў і да 1950-х гг. знаходзіліся гандлёвыя рады і кірмаш.

Аўтары «Слоўніка мастакоў-езуітаў» пашыраюць нашыя веды пра людзей, якія працавалі ў 50-70-я гг. 17 ст. у пінскім езуіцкім калегіуме і, бясспрэчна, з прычыны сваіх прафесійных ведаў бралі ўдзел у будаўніцтве. Гэта муляры Крыштаф Стэфановіч, Войцах Ярашэвіч, Балтазар Шынкінер, Казімір Піятроўскі, каваль Міхал Хердэр. Сярод майстроў былі таксама архітэктары Ф.Карэу (1731-1802) (5), Я.Клаус (1678-1737) (6), М.Кісілеўскі (1738-1802) (7), К.Мацелакоўскі і Ю.Алендскі, муляры Я.Тупальт (1707-1769) (8), токар Ф.Лор (1703-1755) (9), слесар і каваль Я.Отта (1648-1682) (10), пазалотчык Д.Трусовіч (1648-1682) (11) і інш.

Адзначым высокае майстэрства аўтараў збудавання, якія стварылі выключна гарманічны цэльны вобраз калегіума, што ўражвае сваёй велічнай прыгажосцю.

У 1720 г. у пінскім калегіуме жыло звыш 70 манахаў, сярод якіх было 10 прафесароў і 3 місіянеры. Кляштару належала мноства дамоў у Варшаве, Мінску, Магілёве, Слуцку, Віцебску, Бабруйску.

У комплекс кляштара ў розныя перыяды яго існавання, апрача манументальных будынкаў касцёла і калегіума, уваходзілі і іншыя збудаванні, каменныя і драўляныя. Так, напрыклад, паводле звестак 1773 г. у агароджы кляштара знаходзіліся каменная двухпавярховая аптэка (12), драўляная капліца, Г-падобны каменны жылы корпус, афіцына, карэтная, альтанка, стайня, дрывотня, багадзельня, бурса «для ўбогіх…».

На планах сярэдзіны 19 стагоддзя многіх з пералічаных намі будынкаў ужо няма, у агароджы кляштара з’яўляюцца гандлёвыя крамы (першыя ў 1809 г., потым, з усходняга боку – у 1857 г.), а ў 40-х гг. з боку паўднёвага фасаду калегіума на сродкі кляштара і вучэльні былі збудаваныя каменыя флігелі: адзін для навучэнцаў духоўнай вучэльні (спальні), другі – для здачы ў арэнду.

Прынцыпы арганізацыі надворнай прасторы комплекса вылучаліся максімальнай дакладнасцю: амаль усе будынкі размяшчаліся па перыметры чатырохвугольнай у плане тэрыторыі, уздоўж каменнай агароджы. У цэнтры дзядзінца знаходзіўся сад «з альтанкай, размаляванай знутры і звонку, і флюгерам наверсе».

Даследчыца беларускай архітэктуры Е.Квітніцкая ў артыкуле «Калегіумы на Беларусі 17 ст.» піша: «…Паводле сярэднявечнай традыцыі збудаванне каталіцкіх кляштараў групуецца каля ўнутранага, абведзенага аркамі надворка (клуатра)». Падобную аркаду, якая праходзіла па ўнутраных дваровых фасадах будынка, першапачаткова меў калегіум у Пінску; праз яе навучэнцы і брація выходзілі ў сад; абараніўшы сябе ад ворагаў і нядобразычлівых позіркаў, езуіты маглі клапаціцца пра духоўную і фізічную гармонію членаў ордэна».

Будынкі, якія ўваходзілі ў комплекс езуіцкага кляштара ў 17-18 стст., шмат разоў перабудоўваліся, вялося таксама і новае будаўніцтва. Адну з самых значных перабудоваў касцёла, што ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам архітэктара Яна Тупальта, можна датаваць 1749-1753 гг. Менавіта тады на касцёле былі ўзведзены каменныя вежы замест драўляных, фасады ўпрыгожаныя гіпсавымі скульптурамі, а з абодвух бакоў фасаду ўзведзены арыгінальныя крылы, якія служылі таксама званіцамі. Па сведчанні сучаснікаў касцёл уражваў не толькі сваімі памерамі, але і адмысловаю працаю лепшых еўрапейскіх майстроў, якія стварылі галерэю цудоўных фрэсак, упрыгожылі інтэр’ер святыні разьбою па дрэве, скульптурнымі кампазіцыямі, вырабамі з бронзы.

Пасля касацыі ордэна езуітаў у 1773 годзе кляштар у Пінску зачынілі, а маёмасць канфіскавалі. Да 1787 года будынак калегіума пуставаў, а потым яго занялі уніяты, якія пераабсталявалі касцёл ў сваю царкву. Работы па рэканструкцыі касцёльнага будынка, распачатыя езуітамі, на момант закрыцця кляштара яшчэ не былі завершаныя.

У 1795 годзе, пасля далучэння пінскіх уніятаў да праваслаўя, уніяцкая царква была пераасвечаная ў праваслаўную пад тытулам Нараджэння Багародзіцы, а ў калегіуме, апрача кляштарнай браціі, былі змешчаныя гарадскія і службовыя ўстановы і вучэльня.

29 мая 1800 года ўсе будынкі былога езуіцкага канвенту аддалі Богаяўленскаму праваслаўнаму манастыру, драўляныя карпусы якога згарэлі падчас пажару 1799 г.

Хутчэй за ўсё, рэканструкцыя касцёла была завершаная ў той перыяд, калі будынкі перайшлі ў праваслаўнае ведамства. У перыяд знаходжання ў кляштары уніяцкага біскупа Гарбацкага зрабілі толькі рамонт даху і касметычны рамонт памяшканняў калегіума, прызначаных для браціі. У 1807 годзе падчас пажару, «які пачаўся з яўрэйскага прышколку», будынкі Богаяўленскага манастыра былі пашкоджаныя. Дах калегіума, які цалкам згарэў, адрамантавалі (з частковаю заменаю чарапіцы на гонту) толькі праз два гады, да гэтага ж часу належыць, як ужо адзначалася, завяршэнне работ у касцёле, а таксама будаўніцтва каменных крамаў у агароджы кляштара. Просьбы ігумена манастыра выдзеліць сродкі на капітальны рамонт будынкаў, у прыватнасці калегіума, з якімі ён увесь час звяртаўся ў Кансісторыю, былі задаволеныя толькі ў канцы 30-х гг. Работы, распачатыя ў 1837 годзе, завяршыліся праз 10 гадоў. У акце пра здачу аб’екта напісана, што «…будынак калегіума пакрыты ліставым жалезам, дах, раней чарапічны, перароблены; паміж другім і трэцім паверхамі зроблены новы карніз; расколіны, якія засталіся з даўнейшых часоў, ліквідаваны, сцены атынкаваныя і пабеленыя»… Нягледзячы на маштаб праведзенай працы, будынак калегіума ў гэтыя гады амаль не страціў свайго першапачатковага выгляду – асноўныя рэканструкцыі былі яшчэ наперадзе.

Інтэр’ер касцёла св. Станіслава езуіцкага кляштара.
Фота 1920-x гг.

У 1875 годзе ў сувязі з пераводам у Пінск Ляданскай духоўнай вучэльні распрацоўваецца новы праект рэканструкцыі калегіума, у адпаведнасці з якім 2/3 усіх памяшканняў прыстасоўваліся для вучэльні, 1/3 – для манастыра.

У справе пра рамонт 1875-1882 гадоў, апрача падрабязнага апісання калегіума, ёсць таксама графічныя матэрыялы – план мясцовасці і планы паверхаў са звесткамі аб прызначэнні кожнага памяшкання. Аналіз гэтых матэрыялаў дазваляе сцвярджаць, што менавіта ў 70-я гг. адбылася значная перапланіроўка збудавання, якая прывяла да зменаў яго ўнутранага, а таксама вонкавага выгляду – будынак стаў больш «свецкім» і рэпрэзентатыўным.

Закладка галерэі, што праходзіла па ўсходнім фасадзе, была зробленая, хутчэй за ўсё, у апошнія гады 19 ст. У запісцы (13) да праекта рэстаўрацыі калегіума, складзенай прафесарам архітэктуры П.Пакрышкіным, які прыехаў у Пінск з Санкт-Пецярбурга, адзначаецца: «…пажадана раскрыць аркі з усходняга боку, як было ў старажытнасці». Аўтар праекта лічыў таксама неабходным аднавіць на кляштарным корпусе «форму даха з франтонам, слупамі і аркамі на гарышчы». Угнутасць даху, на думку архітэктара, адбылася з прычыны «ўсадкі і разбурэння будынка, адхіленне вонкавай сцяны патрабуе абавязковай разборкі скляпенняў у келлях».

Адзначым, што спецыяльная камісія пад кіраўніцтвам П.Пакрышкіна і камісія, якую амаль адначасова ўзначальваў прафесар архітэктуры А.Пракоф’еў, у 1904-1905 гг. упершыню ў сваіх справаздачах дала вартасную характарыстыку будынка. Камісіі ўпершыню вырашалі пытанні рамонту помніка на падставе навуковага аналізу. Каштоўнасць гэтай інфармацыі заключаецца таксама ў тым, што яшчэ да правядзення натурных даследаванняў рэстаўратарам 1980-х гг. сталі вядомыя найбольш слабыя месцы будынка.

Пінскі кляштар айцоў езуітаў. Фота 1901 г.

На жаль, нягледзячы на аўтарытэтнасць абедзвюх камісій, іх прапановы не рэалізаваліся з-за адсутнасці сродкаў. (Забягаючы наперад, можам з жалем канстатаваць, што праз 80 гадоў з гэтай жа прычыны праект рэстаўрацыі будынка беларускімі спецыялістамі таксама не быў цалкам рэалізаваны.)

У 1919 годзе будынкі езуіцкага кляштара зноў перайшлі да экс-езуітаў.

На пачатку 20-х гг. кіраўніцтва ордэна вырашыла правесці рамонтныя работы будынка калегіума: былі пераробленыя франтоны на паўночным, усходнім і заходнім фасадах, адрамантаваныя дымаходы, ліквідаваная прыбудова з боку заходняга фасаду, праведзены атынковачныя работы. Будынак канчаткова набыў тое аблічча, якое мы бачым сёння.

У 1920-х гг. адначасова з рамонтам калегіума ішла рэканструкцыя агароджы, а з усходняга боку будавалася новая ўваходная брама.

Будынкі флігеля захаваліся да нашых дзён, Г-падобны дом, які ў дакументах называецца «Новы (вялікі) свет», пасля выгнання езуітаў перайшоў да Адукацыйнай камісіі: старажытнае збудаванне, ужо ў перайначаным выглядзе, існавала да 1888 г. і, на жаль, так і не даследаванае, было разабрана ў сувязі з кепскім тэхнічным станам.

У 1939 годзе адна з вежаў касцёла, дзе знаходзіўся снайпер, што страляў па салдатах Чырвонай Арміі, якія ўвайшлі ў горад, была пашкоджаная. У гады Вялікай Айчыннай вайны моцна пацярпеў інтэр’ер касцёла. Самая вялікая з святыняў ВКЛ патрабавала рэстаўрацыі, але кіраўніцтва рэспублікі і горада прыняло іншае рашэнне: у 1956 г. касцёл узарвалі. Тады ж разабралі і агароджу кляштара.

У пасляваенны час былы езуіцкі калегіум перадалі вайсковаму ведамству, а пазней у ім размясціліся адміністрацыйныя арганізацыі і карцінная галерэя. Пасля завяршэння рэстаўрацыі ў 1995 годзе ў будынку калегіума знайшоў прытулак унікальны Музей Беларускага Палесся (14).

Трохпавярховы корпус калегіума з высокім дахам мае тры франтоны. Цяжка вызначыць, які фасад галоўны – паўночны, усходні або заходні: як бы павярнуўшыся «спіною» да ракі, калегіум звяртаецца да жыхароў і гасцей горада, запрашаючы ўсіх палюбавацца яго магутнасцю і веліччу.

Пінскі езуіцкі калегіум – першая навучальная ўстанова ў палескім краі, якая стала хутка вядомай праз актыўную дзейнасць езуітаў. Будынак ужо праз некалькі гадоў пасля адкрыцця не змяшчаў усіх ахвотных вучыцца. Езуіты прымалі ў свае школы і дзяцей шляхты, і дзяцей з ніжэйшых саслоўяў. Магчыма спрошчана, але па сутнасці правільна выказвае сваю думку пра іх перспектывы гісторык А.Гажалчынскі: «…першыя мелі прызначэнне ў будучыні дапамагаць ордэну матэрыяльна, другія – адукоўваць будучых членаў ордэна».

Вядома, што сярод навучэнцаў езуіцкай школы-калегіума было шмат таленавітай моладзі, якая пакінула значны след у многіх галінах гісторыі, філасофіі, мовазнаўства і іншых сферах дзейнасці. Адным з выпускнікоў 1748 г. быў Адам Нарушэвіч, слынны польскі паэт, гісторык, выкладчык і рэлігійны дзеяч. Ён сабраў 230 тамоў археаграфічных крыніцаў, сярод якіх шмат дакументаў беларускага паходжання. У яго працах нямала карыснай інфармацыі па гісторыі Пінска.

У рукапісных дакументах ёсць сведчанні пра тое, што з 1726 года пры касцёле Станіслава існавала брацтва «Добрай смерці».

У 20-40-я гг. 18 стагоддзя пры езуіцкім кляштары працавала друкарня, у якой выдаваліся кнігі на лацінскай і польскай мовах пераважна духоўнага зместу (напрыклад, у 1735 г. выйшла кніга «Казанні Пятра Скаргі»).

Вядома, што пры пінскім кляштары быў створаны школьны тэатр: так, у дзень урачыстага святкавання кананізацыі святых Косткі і Алойза ў яго будынку збіралася шляхта, якая глядзела драматычную дзею, прысвечаную святым.

У пінскім калегіуме знаходзілася вельмі багатая бібліятэка. Мясцовыя жыхары расказваюць, што старажытныя рукапісы, рарытэтныя выданні і іншыя каштоўнасці, якія фармавалі бібліятэчны фонд, у 1940 г. былі вывезеныя ў Ленінград.

Кіраўніцтва ордэна не шкадавала сродкаў для ажыццяўлення сваіх задачаў: у калегіуме ўсё было заклікана для таго, каб уражваць чалавечае ўяўленне і ўздзейнічаць на пачуцці. Класы, калідоры, капліцу і трапезную ўпрыгожвалі скульптурныя творы, каштоўныя абразы і партрэты фундатараў. Ёсць думка, што ў будынку знаходзіўся насценны жывапіс, у прыватнасці, у калідоры і ў адкрытай галерэі, якая праходзіць па першым паверсе ўсходняй і заходняй лініі калегіума.

Сёння з усяго комплексу пінскага езуіцкага кляштара захаваўся толькі адзін будынак, які ўражвае сваімі памерамі і веліччу. Ён маляўніча вызначае сілуэт Пінска, замацоўвае сістэму гістарычнай планіроўкі цэнтра горада.

У 1953 годзе Пастановаю Савета міністраў БССР № 625 ад 18 мая будынак езуіцкага калегіума ўзяты пад дзяржаўную ахову.

Святлана Адамовіч
Упершыню надрукавана ў часопісе “Наша вера” №3(9)/1999

____________

Зноскі

  1. Вядома, што на езуіцкія кляштары не распаўсюджвалася біскупская ўлада: падчас візітацыі правінцый (пінскі калегіум першапачаткова належаў да Літоўскай, а з 1756 г. да Мазавецкай правінцыі) яны не падлягалі вопісам, і ўся дакументацыя, за выключэннем аднаго экзэмпляра, які заставаўся на месцы, паступала непасрэдна да генерала ордэна, які знаходзіўся ў Рыме. Гэта правіла тычылася таксама планаў і чарцяжоў усіх езуіцкіх уладанняў.
  2. Размяшчэнне комплексу калегіума побач з замкам, да якога сыходзіліся гарадскія вуліцы, прывяло да неабходнасці перанесці частку адной з іх, што вяла да францішканскага касцёла, «бо яна перарэзвала тэрыторыю езуіцкіх забудоваў».
  3. Пры вонкавым абследаванні помніка ўвага была звернутая на вялікі развіты карніз, які раздзяляе два ніжніх паверхі з верхнім, трэцім паверхам, а таксама паўднёва-заходнюю вежу-контрфорс, якая заканчваецца на вышыні другога паверха (яны як бы пазначалі першапачатковую вышыню будынка).
  4. Дабудова калегіума, бясспрэчна, была выкліканая утылітарнымі прычынамі: ахвотных вучыцца ў ім з кожным годам было ўсё больш, і таму патрабаваліся новыя плошчы.
  5. У Пінску працаваў у 1759-1763 гг.
  6. У Пінску працаваў у 1713-1714 гг.
  7. У Пінску працаваў з 1774 г. (вучань архітэктара).
  8. У Пінску рамантаваў касцёл і калегіум з 1748 г.
  9. У Пінску кіраваў цагляным заводам.
  10. У Пінску працаваў з 1773 г.
  11. Рускі, у Пінску працаваў у 1677-1679 гг.
  12. На думку А.Мілавідава, «цёплая царква Богаяўленскага манастыра – былая езуіцкая аптэка – будынак вельмі старажытны і па сваёй канструкцыі, крыжападобным планам нагадвае старажытную праваслаўную пабудову».
  13. Датавана 1905 г.
  14. Пастановай Кабінета міністраў ад 12 жніўня 1996 года з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь.