“Дай нам Сваю ласку: учыні, каб sensus Christi ажыўляў усё нашае жыццё, унутранае і знешняе, і навучыў нас дзейнічаць згодна з Тваім Духам”.

У 1979 г. а. Пэдро Арупэ апублікаваў дакумент пад назвай “Наш спосаб дзеяння”, у якім падзяліўся са сваімі сабратамі разважаннямі пра тое, як паслядоўнікі св. Ігнацыя павінны несці сведчанне ў сучасных умовах. Дакумент завяршаецца малітвай – зваротам да Хрыста, “нашага ўзору”. Публікуем гэтую малітву, якой можа карыстацца кожны, хто прагне, каб “сэрца маё было да Твайго Сэрца падобным”.

Пане, разважаючы над “нашым спосабам дзеяння”, я спасціг, што ідэалам нашага спосабу дзеяння з’яўляецца Твой спосаб дзеяння. Гляджу на Цябе вачыма веры і сузіраю Твой светлы вобраз, яўлены нам у Евангеллі. Я – адзін з тых, да каго пісаў св. Пётр: “Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю”. Пане, Ты сам сказаў нам: “Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам”. Я жадаю наследаваць Цябе так, каб з іншымі мог сказаць:

“Наследуйце мяне, як і я наследую Хрыста.” Хоць я не магу абвяшчаць літаральна так, як св. Ян, але хачу прамаўляць з усёй моцай і мудрасцю, якімі Ты адарыў мяне, аб тым, што чуў пра Слова жыцця, што бачыў на свае вочы, на што я глядзеў і да чаго дакраналіся рукі, бо жыццё аб’явілася, і я бачыў, і сведчу.

Дай мне перадусім sensus Christi, як у св. Паўла, каб я мог адчуваць пачуццямі Твайго Сэрца, галоўныя з якіх – любоў да Айца і любоў да людзей. Ніколі і ніхто не выказаў большай любові: Ты аддаў жыццё за сяброў сваіх, прынізіўшы сябе ажно да смерці на крыжы. Хачу наследаваць Цябе ў гэтай найвышэйшай ахвяры, а таксама ў Тваім штодзённым жыцці, наколькі гэта магчыма.

Навучы мяне Твайму спосабу абыходжання з вучнямі, рыбакамі, дзецьмі, фарысеямі, Пілатам і Ірадам. Навучы мяне ставіцца да людзей так, як Ты паводзіў сябе з вучнямі, асабліва з найбліжэйшымі: з Пятром, Янам, са здраднікам Юдам. Надзялі мяне чуласцю, з якой Ты чакаў іх на беразе Тыберыядскага мора, гатуючы ім сняданне, і калі мыў ім ногі.

Учыні так, каб я навучыўся ў Цябе, падобна св. Ігнацыю, як есці і піць, як прымаць удзел у святочных вячэрах, як рэагаваць на голад і смагу, стому ад служэння, на патрэбу ў адпачынку і сне.

Навучы мяне цярпець з церпячымі, спачуваць убогім, пракажоным, сляпым, паралізаваным. Пакажы мне, як Ты выяўляў сваю глыбокую ўзрушанасць, калі праліваў слёзы, альбо калі адчуваў смяротны страх аж да крывавага поту і меў патрэбу ў суцяшэнні анёла. Найбольш я хацеў бы навучыцца таму, як Ты зносіў велізарны боль на крыжы, асабліва, калі адчуваў сябе пакінутым Айцом.

Сузіраю Твой вобраз у Евангеллі: асобу чалавека высакароднага, далікатнага і сяброўскага, які дае яскравы прыклад; які жыве ў дасканалай гармоніі са сваім навучаннем; пра якога ворагі казалі: “Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва вучыш шляху Божаму”; які мужны, патрабавальны да сябе, але адносна іншых – поўны любові і гарачага прагнення служыць ім.

Гэта праўда, што Ты быў строгі да людзей з дрэннымі намерамі. Праўда, аднак, і тое, што Твая дабрыня прыцягвала людзей настолькі, што яны забываліся пра ежу. Хворыя былі перакананыя, што Ты злітуешся над імі. Твой досвед звычайнага жыцця дазваляў Табе прамаўляць у прыпавесцях перад натоўпамі простых людзей. Ты быў сябрам для ўсіх, але некаторым выказваў асаблівую любоў і сяброўства – Яну, Лазару, Марыі і Марце. Ты ўмеў напоўніць вялікую грамаду радасцю і святочным настроем, як у Кане Галілейскай.

Твая непарыўная сувязь з Айцом у малітве, якая пачыналася перад світаннем і доўжылася аж да позняй ночы, была суцяшэннем і сілай для абвяшчэння Валадарства.

Навучы мяне Твайму спосабу глядзець на людзей: як Ты зірнуў на Пятра, каб паклікаць за Сабой, а потым узняць з падзення; як пранікліва паглядзеў на багатага юнака, які не адважыўся пайсці за Табой; як з цеплынёй глядзеў на мноства сабраных вакол Цябе людзей; як з абурэннем пазіраў на фарысеяў.

Я хацеў бы спаткацца з Табой сапраўдным, бо Твой вобраз перамяняе кожнага, хто Цябе сустрэне. Памятаеш першае спатканне з Янам Хрысціцелем? І як сотнік адчуў сябе нявартым? І вялікае здзіўленне людзей, якія былі сведкамі цудаў? Як моцна былі ўражаныя Табою вучні, а ў Аліўным садзе – жаўнеры. Пілат пачуваўся няўпэўнена, а яго жонка страціла спакой. Сотнік, убачыўшы, як Ты паміраў, вызнаў Тваю боскасць.

Я хацеў бы ўбачыць Цябе, як Пётр, які пазнаў сваю грэшнасць, здзіўлены багатым уловам. Я б голас Твой хацеў пачуць у сінагозе Капернаума або на гары Благаслаўленняў, калі Ты гаварыў “як той, хто мае ўладу”, якую атрымаў ад Айца.

Учыні, каб мы былі Тваімі вучнямі ў вялікіх і малых справах, і маглі, як Ты, дарэшты прысвяціць сябе любові да Айца і людзей, нашых братоў, вельмі блізкіх Табе, бо Ты прыняў крохкасць чалавечай прыроды, і ўсё ж далёкіх ад Цябе, бо Ты – Бог бясконцы.

Дай нам Сваю ласку: учыні, каб sensus Christi ажыўляў усё нашае жыццё, унутранае і знешняе, і навучыў нас дзейнічаць згодна з Тваім Духам.

Навучы нас Твайму спосабу дзеяння, каб ён ужо з сённяшняга дня стаўся нашым, і мы маглі наблізіцца да ідэалу св. Ігнацыя: быць Тваімі таварышамі, супрацоўнікамі Тваёй справы Адкуплення, і каб кожны з нас стаў alter Christus.

Я прашу Марыю, Тваю Святую Маці, ад якой Ты атрымаў жыццё, пры якой пражыў 33 гады, якая спрычынілася да фармавання Твайго спосабу існавання і дзейнасці: няхай Яна сфармуе ўва мне і ва ўсіх сынах Таварыства вобраз “другога Хрыста”, каб мы былі сапраўднымі езуітамі.

1979

Пэдро Арупэ, 28-мы генерал Таварыства Езуса