Ігнацыянская малітва мае ў сабе шмат інструментаў і складнікаў. Лягчэй пра яе чуць, чым чытаць; пераймаць у айцоў езуітаў, чым вучыцца па кніжках. Але друкаванае слова таксама бывае карысным. Першыя паслядоўнікі святога Ігнацыя Лаёлы, як і мы, мелі няшмат магчымасцяў і часу, каб маліцца з раніцы да вечара, таму ён прапанаваў ім інтраспектыўную малітву на заканчэнне дня. Можна назваць яе праглядам, экзаменам, даследваннем – не толькі сумлення, але ўсёй свядомасці. Але гэта не проста саманазіранне, што па сутнасці падразумявае інтраспекцыя; гэта малітва, якая можа прынесці вельмі шмат радасці, свабоды і разумення ў нашае жыццё, малітва, якая дапамагае пачуць Бога і сваё сэрца. Аб малітоўным праглядзе дня разважае Дэніз Хэм SJ.

***

Аднойчы, прыкладна 20 гадоў таму, падчас снядання і пазнейшых разважанняў, мне адкрылася адна важная рэч. Можна назваць яе невялікім аб’яўленнем. У той час я жыў у малой супольнасці, якая складалася з 5 езуітаў. Усе яны былі аспірантамі (graduate students) з Нью-Хейвена, штат Канэктыкут. Я сядзеў на кухні сам-насам са сваёй кашай, калі зайшоў адзін езуіт і сказаў: «Якраз перад тым, як прачнуцца, я бачыў вельмі дзіўны сон. Літургічны сон. Лектар толькі што прачытаў першае чытанне і пачаў абвяшчаць рэфрэн рэспансарыйнага псальма: “Калі з першага разу табе не ўдаецца, спрабуй, спрабуй яшчэ раз”. І ўсе прысутныя сур’ёзна паўтарылі: “Калі з першага разу табе не ўдаецца, спрабуй, спрабуй яшчэ раз”».

Нам абодвум гэта здалося вельмі пацешным. Але спачатку я не меў пэўнасці, чаму гэтая фраза нас так насмяшыла. Сапраўды, ці ж не кожны пагодзіцца з тым, што гэтая максіма мае ў сабе праўду, якая падбадзёрвае і натхняе: «Калі з першага разу не…», а таксама з’яўляецца міжкультурнай збітай ісцінай: «Keep on truckin’!» – «Добрая работа! Працягвай!» Тады чаму гэтыя словы так абсурдна гучаць у літургіі?

Праз некаторы час я адчуў, што пачынаю разумець. Іншая, вельмі падобная на першую, фраза з’явілася ў маёй галаве: «Калі сёння пачуеце голас Яго, не закамяняйце сэрцаў вашых» (Пс 95, пераклад Бібліі на падставе рукапісаў кс. Уладзіслава Чарняўскага). Мяне ўзрушыла тое, што яна мела такі ж самы рытм і сінтаксіс, як і ранішняя «Калі з першага разу…». Абедзьве пачыналіся з умовы і заканчваліся імператывам. Магчыма, у гэтым і была падсвядомая гумарыстычнасць.

«Спрабуй-спрабуй яшчэ раз» гучыць падобна да «не закамяняйце», але ж які кантраст паміж імі! Другі выраз – біблійны – парафраза з псальма, часта выкарыстоўваецца ў якасці рэспансарыйнага рэфрэна падчас Эўхарыстыі. Першы выраз – напэўна, не мае нічога агульнага з Бібліяй. Ён праўдзіва гучыць, але сам недасткова глыбокі. У ім няма веры, няма адчування Бога. Настрой жа верша з 95-га псальма падкрэслівае асноўнае для габрэйскай і хрысціянскай веры пераканне, што мы жывём у дыялогу з Богам.
Але як мы можам пачуць Божы голас? Нашая хрысціянская традыцыя дае мінімум чатыры адказы на гэтае пытанне:

Па-першае, разам з паслядоўнікамі большасці рэлігій свету, мы ўспрымаем Бога праз тое, што Ён учыніў, праз само стварэнне.

Па-другое, можам пачуць голас Бога ў Святым Пісанні, якое мы называем Божым словам.

Па-трэцяе, мы чуем Бога ў аўтарытэтным навучанні Касцёла, у жывой традыцыі супольнасці веруючых.

І нарэшце, мы чуем Бога, калі ўважліва ставімся да свайго вопыту, інтэрпрэтуючы яго ў святле вышэй узгаданых спосабаў слухання – стварэнне, Біблія, жывая традыцыя супольнасці…

Зварот «Калі сёння пачуеце голас Яго» азначае, што Божы голас нейкім чынам можна пачуць штодня, калі ж мы створаныя такімі істотамі, што жывем за адзін раз толькі адзін дзень. Калі Бог хоча размаўляць з намі сёння, гэта павінна адбыцца на працягу 24-х гадзін і ні ў які іншы час. А што наконт спосабу слухання? Шматгадовая традыцыя можа дапамагчы нам карысным інструментам, які мы зараз называем «даследваннем свядомасці». «Пошукі дзеля Бога» – гэта прапанова прагледзець поўную шуфляду рэчаў – навобмацак – у пошуках чагосьці, што, напэўна, павінна там быць. Думаю, гэты вобраз адлюстроўвае некаторыя перажыванні, якія касцёльная мова называе рахункам сумлення.

Прагляд, даследванне свядомасці – старажытны вопыт Касцела. На самой справе, нават у дахрысціянскі перыяд практыку, падобную гэтай, прапагандавалі піфагарэйцы і стоікі. Гэта тое, што нас, католікаў, вучылі рабіць перад споведдзю. У звычайнай форме, рахунак сумлення – даследванне свайго жыцця з мэтай выявіць яго адпаведнасць дзесяці запаведзям, убачыць, як штодзённыя паводзіны супярэчаць Божым крытэрыям. Святы Ігнацый Лаёла ўключыў яго ў свае Духоўныя Практыкаванні.

Рахунак і сёння з’яўляецца збавеннай рэччу, але крыху паношанай ад доўгага жыцця і штодзённага ўжытку. Цяжка матываваць сябе адсочваць пражыты час, каб убачыць, дзе ты зграшыў. У апошнія дзесяцігоддзі духоўныя аўтары ўлічваюць меркаванне, што слова сумленне (conscience) у раманскіх мовах мае ў сабе большы сэнс, чым у англійскай, дзе яно азначае маральнае ўсведамленне і суд. Напрыклад, і ў французскай, і ў іспанскай мовах сумленне таксама азначае свядомасць.

Зараз малітва, якая ахоплівае ўсю свядомасць чалавека, дазваляе нам закінуць сеткі нашмат шырэй, чым малітва, якая абмяжоўваецца толькі зместам сумлення ці маральным усведамленнем.

Тое, што я прапаную, – гэта спосаб зрабіць даследванне свядомасці, які эфектыўна дзейнічае для мяне. Асаблівы націск у ім кладзецца на пачуцці па прычынах, якія пазней стануць відавочныя. Спачатку я раскажу пра фармат прагляду, потым прапаную правесці некалькі хвілін у гэтай малітве, і на заканчэнне я падзялюся сваімі назіраннямі пра наступствы гэтай практыкі, якія я заўважыў.

Метад пяці крокаў

1. Малітва аб святле. З гэтай пары мы не проста марым ці ўспамінаем свой дзень, але шукаем адчуванне таго, як Дух Божы вядзе нас, а гэта, у сваю чаргу, мае сэнс толькі тады, калі мы просім аб святле. Не памяць з’яўляецца нашай мэтай, але добрае разуменне Божай прысутнасці падчас апошніх 24 гадзін. Такія моманты – падарункі ад Бога. Таму варта папрасіць: «Пане, дапамажы мне зразумець гэту рознакаляровую гаманлівую блытаніну».

2. Прагляд дня ва ўдзячнасці. Звярні ўвагу, як гэтая прапанова адрозніваецца ад непасрэднага пераходу да сваіх грахоў. Нікому не падабаецца корпацца ў банку памяці, каб выкрыць сваю мізэрнасць, слабасць, недахоп велікадушнасці. Але кожны любіць прыгожыя падарункі, і менавіта яны ёсць у мінулых сутках – дары існавання, працы, адносін, ежы, выклікаў. Удзячнасць – падмурак нашых адносінаў з Богам. Таму трэба карыстацца ўсімі знакамі, якія паказваюць, калі і як Бог дапамог прайсці праз гэты дзень. Пачынаючы ад моманту абуджэння – і нават ад сноў перад абуджэннем – прайдзіся па апошніх сутках: ад гадзіны да гадзіны, ад месца да месца, ад занятка да занятка, ад асобы да асобы, дзякуючы Пану за кожны падарунак, які ты сустракаеш.

3. Агляд пачуццяў, якія выявіліся пры паўторы дня. Нашыя пачуцці, пазітыўныя і негатыўныя, балючыя і прыемныя, з’яўляюцца выразнымі сігналамі таго, што адбывалася на працягу дня. Проста звярні ўвагу на кожную падзею і на ўсю гаму эмоцый, што ў гэты час узніклі: захапленне, нуда, страх, прадчуванне, абурэнне, гнеў, супакой, прагненне, надзея, шкадаванне, сорам, няўпэўненасць, спачуванне, агіда, удзячнасць, гонар, лютасць, сумненне, давер, здзіўленне, нясмеласць, – усё, што толькі было. У наш звышпсіхалагізаваны час некаторыя неахвотна будуць заглыбляцца ў пачуцці, але я веру, што менавіта пачуцці – найбольш рэальныя індыкатары таго, што адбываецца ў нашым жыцці. Так мы падыходзім да чацвёртага моманту:

4. Вылучы адну з перажытых эмоцый (пазітыўную ці негатыўную) і маліся, зыходзячы з яе. На гэтым этапе трэба выбраць перажыванне, якое найбольш захапіла тваю ўвагу. Гэтае пачуццё – знак важнасці падзеі, якая адбывалася. А потым – проста выкажы яго ў спантаннай малітве, якая ўзнікае ў тваім сэрцы, калі ты набліжаешся да крыніцы гэтага моцнага пачуцця: у малітве праслаўлення, просьбы, пакаяння, закліку аб дапамозе ці ацаленні.

5. Зазірні ў заўтра. Адкрый свой расклад ці арганайзер, калі гэта дапаможа зірнуць у твар найбліжэйшай будучыні. Якія пачуцці ў цябе ўзнікаюць, калі ты глядзіш на гэтыя заняткі, сустрэчы і справы, якія чакаюць твайго ўдзелу? Страх? Прыемнае прадчуванне? Сумненні? Спакуса ўсё адкласці? Імкненне да планавання? Жаль? Нямогласць? Што б ты ні адчуваў – перамяні гэта ў малітву: аб дапамозе, аб аздараўленні, аб тым, што само ідзе з сэрца.

На заканчэнне прагляду памаліся Ойча наш.

Нагадаю 5 пунктаў:

  • святло,
  • падзяка,
  • пачуцці,
  • фокус,
  • будучыня.

Зрабі гэта

Прысвяці некалькі хвілін малітоўнаму прагляду апошніх і надыходзячых 24 гадзін, карыстаючыся фарматам 5 крокаў.

Наступствы

А зараз пагаворым пра тое, што з такой малітвы выплывае.

  1. Заўсёды ёсць аб чым маліцца. Для чалавека, які робіць Прагляд хаця б раз на дзень, ніколі не паўстане пытанне: што мне сказаць Богу? Да самай смерці у цябе ёсць пражытыя 24 гадзіны і заўсёды – пэўныя думкі наконт таго, што будзе далей.
  2. Момант удзячнасці вартасны сам па сабе. «Прысвяці сябе ўдзячнасці», — гаворыць Павел Каласянам. Нават калі пасля падзякі за падарункі мінулых сутак мы пачынаем павольны дрэйф у кірунку сна, мы праслаўляем Пана.
  3. Мы вучымся сустракацца з Богам там, дзе мы ёсць, і такімі, якія мы ёсць. Вядома, няма іншага спосабу быць у прысутнасці Бога, але мы часта ашукваем сябе, думаючы, што мы павінны «апрануць свой найлепшы твар» перад тым, як звернем яго да Бога.
  4. Мы вучымся паважаць нашыя пачуцці. Пачуцці маюць значэнне. Яны маральна нейтральныя, пакуль мы не пачынаем рабіць свой выбар, паддаючыся іх уплыву або змагаючыся з імі. Але ў тым выпадку, калі мы станем ігнараваць пачуцці, мы згубім тое, што яны хацелі сказаць нам наконт якасці нашага жыцця.
  5. Молячыся над пачуццямі, мы вызваляемся ад іх. Без нагляду эмоцыі могуць пачаць дамінаваць і маніпуляваць намі. Клопат пра іх і малітва за людзей і сітуацыі, якія выклікаюць эмоцыі, дапамагаюць нам перастаць быць несвядомымі нявольнікамі сваіх эмоцый.
  6. Мы насамрэч знаходзім тое, што трэба прынесці на споведзь. Мы будзем сутыкацца са сваімі грахамі, хоць першапачаткова не канцэнтраваліся на іх пошуках.
  7. Мы можам перажыць унутранае аздараўленне. Людзі на сабе дасведчылі, што малітва, якая зыходзіць з пачуццяў (у адрозненні ад згрызотаў ці адмаўлення), прыводзіць да аздараўлення псіхічнай сферы чалавека. Магчыма, мы б атрымалі добры пачатак сваім снам, калі б давяралі пачуцці малітве.
  8. Такая форма малітвы, як прагляд дня, дапамагае пераадолець наш дэізм. Дэізм – гэта вера ў такога Бога, накшталт «гадзіншчыка», Бога, які ў рэальнасці ёсць, але Ён не вельмі займаецца альбо ўвогуле не мае дачынення да бягучага жыцця свайго народу. Бог, якога мы пазналі праз наш хрысціянскі вопыт, больш рэальны і блізкі, чым мы думаем.
  9. Гэтая малітва – антыдот супраць такой духоўнай хваробы, як пелагіянства. Пелагіянства – ерась, якая падыходзіла да адносін з Богам, як да праекту «зрабі-гэта-сам» («Калі з першага разу не…»), а сапраўдная тэалогія ласкі і свабоды бачыць нашае жыццё як адказ на Божую ласку («Калі сёння пачуеш голас Бога…»).

І апошняя думка. Як можа хтосьці адважыцца сказаць, што прысвячэнне ўвагі перажытаму досведу з’яўляецца слуханнем Божага голасу? На першы погляд, гэта выглядае небяспечным меркаваннем. Але, падкрэсліваю, я не атаясамліваю памяць з голасам Бога. Я гавару, што, калі мы павінны слухаць Бога, які стварае і падмацоўвае нас, то нам належыць сур’ёзна і з малітвай успрымаць сустрэчу з такімі ж стварэннямі, як мы самі, і з іншым светам, існаванне якога Бог з любоўю падтрымлівае. Гэтым «інтэрфейсам» і з’яўляецца вопыт пражытага дня. Ён заслугоўвае малітоўнай увагі. Ён з’яўляецца вялікай часткай таго, як мы ведаем Бога і як адказваем Яму.

Dennis Hamm SJ, даследчык Бібліі, выкладчык кафедры тэалогіі ўніверсітэта Крэйтон, Амаха, штат Небраска.

Крыніца: www.ignatianspirituality.com