У «Духоўных практыкаваннях» святога Ігнацыя ёсць некалькі збораў правілаў, якія датычацца розных нюансаў духоўнага жыцця хрысціяніна. Нагадаем, што «Духоўныя практыкаванні» ў сваёй паўнаце прызначаны для выканання іх на працягу прыкладна чатырох тыдняў. Аднак многімі ўказаннямі і парадамі могуць штодня карыстацца на сваім духоўным шляху тыя, хто стараецца сур’ёзна і глыбока жыць сваёй верай (адзін з прыкладаў для такога высілку — ігнацыянскі прагляд дня).

Заслуга Ігнацыя Лаёлы была ў тым, што ён сабраў у адным месцы мудрасць хрысціянскай традыцыі, а таксама ўпарадкаваў правілы духоўнага распазнавання. Мы звернемся да некаторых з іх, каб убачыць, як яны адлюстроўваюць наш уласны духоўны вопыт. Такім чынам, гаворка зноў пойдзе аб распазнаванні ў святле асабістых адносінаў з Богам (тым не менш будзем памятаць аб узаемасувязі гэтага аспекту з вымярэннем, уласцівым супольнасці і Касцёлу).

Размову пра ігнацыянскія правілы трэба пачаць з фундаментальных заканамернасцяў, прыведзеных у «Правілах першага тыдня». Яны датычацца «кірунку» дзеяння добрага і злога духаў (тлумачэнні гэтага тэрміна можна знайсці ва ўводзінах да распазнавання) у дзвюх асноўных сітуацыях веруючага чалавека, а таксама дынамікі суцяшэння і пакінутасці як двух галоўных душэўных станаў. Разгледзім гэтыя тэмы па парадку.

Ад дрэннага да горшага або ад добрага да лепшага: кірунак дзеяння добрага і злога духа

У духоўнай рэчаіснасці тых людзей, якія прызвычаіліся патураць сваім неўпарадкаваным прыхільнасцям і якія мяркуюць, што ў жыцці трэба «браць, а не аддаваць», вораг чалавечай натуры дзейнічае, падштурхоўваючы сваіх «адэптаў» ісці гэтай дарогай, «каб мацней утрымаць і глыбей пагрузіць іх у заганы і грахі» (ДП 314). Злы дух выводзіць перад іх уяўленнем пачуццёвыя прыемнасці, якія абяцаюць задавальненне і асалоду. Для чалавека праблема заключаецца ў тым, што за гэтыя кароткачасовыя ўцехі даводзіцца плаціць высокі кошт.

Адбываецца ў такіх выпадках тое, аб чым гаворыцца ў трэцім раздзеле Кнігі Быцця: «І ўбачыла жанчына, што гэта дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва для набыцця пазнання», але вынікам спажывання плода становіцца толькі ўсведамленне ўласнай галізны і адчужэння — ад Бога, ад іншага чалавека і ад стварэння. Калі хрысціянін апынаецца ў падобнай сітуацыі, абяцанае спакушальнікам задавальненне замяняецца шкадаваннем і праклёнам і адначасова робіць чалавека залежным ад самога задавальнення, у чым бы яно ні было. Гаворка ідзе не толькі аб асалодах, звязаных з цялеснымі ўцехамі — сексуальнымі ці гурманскімі, — якія становяцца скажэннем натуральных інстынктаў.

Святы Ігнацый у сваёй аўтабіяграфіі, напрыклад, распавядае, як у перыяд яго навяртання яму прыходзілі ў галаву славалюбныя вобразы службы пры двары і ваеннай кар’еры, але яны вельмі хутка змяняліся пачуццём расчаравання і смутку, тым часам як думкі аб наследаванні святых пакідалі ў душы радасць, якая яшчэ доўга была з ім і мела смак праўдзівасці.

Важна разумець, што Бог, наш Стварыцель, не з’яўляецца ворагам задавальнення самога па сабе і жадае радасці сваім стварэнням, але і задавальненне, і радасць існуюць дзеля таго, каб прывесці чалавека да сапраўдных адносінаў і еднасці — з іншым чалавекам і з Богам, а не да атрымання эгаістычнай асалоды. Нават у тых, хто імкнецца жыць сапраўды па-хрысціянску, гэткая дынаміка можа прысутнічаць не паўсюдна, але ў якой-небудзь адной сферы, дзе яны яшчэ перажываюць несвабоду. Добры прыклад — святы Аўгустын, які ў перыяд свайго навяртання доўга не мог прыняць цнатлівасць як уласцівасць яго новага жыцця. Усю супярэчлівасць свайго і нашага стаўлення адносна некаторых пытанняў духоўнай сферы ўвасабляе фраза святога Аўгустына: «Пане, дай мне цнатлівасць і ўстрыманне — але толькі не цяпер» («Споведзь» VIII, 7, 17).

У такой сітуацыі чалавека «добры дух дзейнічае процілеглым чынам, выклікаючы дакоры і згрызоты сумлення праз перасцярогі розуму» (ДП 314). Мэта — спыніць чалавека, прымусіць яго паглядзець на наступствы, усвядоміць падманнасць і ілюзорнасць прапанаваных прыемнасцяў. Узгадаем, што сінонімам «добрага духа» (або, прынамсі, яго прыладай) можа выступаць усё, што ў такіх выпадках прыносіць падобны эфект і заахвочвае чалавека спыніцца і пачаць рухацца ў адваротным кірунку. Найлепшы выбар чалавека — пачуць «голас розуму» і пастарацца актыўна супрацоўнічаць з ім. Тут маецца на ўвазе не пэўны валюнтарызм, спадзяванне толькі на сябе, але неабходнасць даверыцца Божай ласцы і настойліва шукаць яе дзейснай моцы — адзінай, здольнай загаіць глыбокія супярэчнасці чалавечага сэрца.

Супрацьлеглая сітуацыя — калі хрысціянін «ідзе ад добрага да лепшага», пазбягае граху і імкнецца да цнатлівага жыцця, да добрых спраў, да выканання Божай волі ў сваім жыцці. Тады «стратэгія» і нашага ворага, і саюзніка змяняецца на супрацьлеглую: добры дух патрымлівае выбар чалавека і заахвочвае працягваць шлях; «злому духу ўласціва выклікаць згрызоты, журбу і ставіць перашкоды, усяляючы неспакой хлуслівымі доказамі» (ДП 315). Ці бывае так, што вы бярэцеся за якую-небудзь добрую справу і раптам немаведама адкуль з’яўляюцца самыя разнастайныя перашкоды: і знешнія ў выглядзе неспрыяльных абставін, і ўнутраныя ў форме ўсялякіх сумневаў, ваганняў, пачуцця бессэнсоўнасці пачатых высілкаў? Менавіта пра гэта ідзе цяпер гаворка. Вораг чалавечай натуры не здаецца лёгка. У Святым Пісанні гэтую праўду выказвае Езус, сын Сіраха: «Сыне, калі збіраешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да выпрабавання» (пар. Сір 2, 1).

Адзін з улюбёных прыёмаў спакушальніка — хваравітае пачуццё віны, удар па нашай духоўнай самаацэнцы ў форме думак: «Ды хто ты такі, каб брацца за такое? У цябе нічога не атрымаецца!» Як гэта ні дзіўна прагучыць, менавіта такі супраціў — добры знак, які паказвае, што мы знаходзімся на правільным шляху. Святы Ігнацый неаднойчы гаворыць пра гэта ў сваіх лістах духоўным сынам. Важна называць спакусу па імені, умець усталяваць дыстанцыю, усведамляючы, што мы не абавязаныя атаясамліваць сябе з ёй.

Спакушальнік намагаецца выклікаць уражанне, што ўсе гэтыя спакусы паходзяць не ад яго, а з’яўляюцца нашымі ўласнымі думкамі і жаданнямі, таму мэта распазнавання — унесці яснасць адносна таго, «хто кім ёсць», і вярнуць нашую свабоду ў супрацьстаянні намовам, якія адводзяць нас ад ажыццяўлення добрых намераў.

Такім чынам, гэтае духоўнае змаганне ў рэшце рэшт прыносіць карысць душы, бо гартуе нас рашуча ісці за Панам і ачышчае інтэнцыі, вучыць з пакорай разлічваць на Божую дапамогу. Святы Якуб гаворыць у сваім лісце: «Браты мае, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні, з вялікай радасцю прымайце гэта. Бо ведаеце, што выпрабаванне веры вашай нараджае цярплівасць» (пар. Як 1, 2–3).

У жыцці тых, хто мае намер ісці «ад добрага да лепшага», добраму духу «ўласціва абуджаць адвагу, сілу, суцяшэнне, натхненне і супакой, ва ўсім несці палёгку і прыбіраць перашкоды» (ДП 315), г.зн. усяляк падтрымліваць імкненне да дабра, да Божага абяцання. Узгадаем біблійны прыклад з Кнігі Зыходу (пар. Зых 14, 10–14). Габрэйскі народ ахоплены страхам ад набліжэння калясніц фараона, але Майсей падтрымлівае іх дух, кажучы: «Не бойцеся, стойце — і ўбачыце выратаванне ад Пана». Хрыстус звяртаецца да бацькі, якому паведамілі пра смерць хворай дачкі: «Не бойся, толькі вер» (пар. Лк 8, 50). Можам зараз успомніць асаблівыя выпадкі, калі Пан і да нас кіраваў словы падтрымкі. Тут, аднак, часта ўзнікае пэўная цяжкасць: у моманты спакусы мы не адчуваем дзейснай падтрымкі, не ўсведамляем Божай дапамогі. Рэч у тым, што, калі надыходзіць хвіліна выпрабавання, нам трэба навучыцца свядома звяртацца да нашага саюзніка, умець пераключыць увагу на ўспамін тых слоў, якія Пан пакінуў нам у Святым Пісанні і ў нашай асабістай гісторыі як крыніцу жыцця і духоўнай сілы. Адным з найважнейшых практыкаванняў айцоў пустыні было запамінанне біблійных цытат, да якіх можна было звярнуцца, калі ў душы ўзнікалі спакуслівыя думкі. Варта нагадаць, што менавіта з дапамогай слоў Пісання Езус адкінуў усе спакусы д’ябла ў пустыні (гл. Лк 4, 1–13).

Святы Ігнацый разгортвае тэму нашай размовы ў асобным правіле: злы дух «уваходзіць з грукатам» у добрую душу, стараючыся ўнесці замяшанне, тым часам як наш памочнік «дакранаецца да душы ціха, лёгка і лагодна, як кропля вады, што прасочваецца ў губку» (ДП 335). Таму неабходны асаблівы высілак, каб, перафразуючы кітайскую прымаўку, за шумам падзення аднаго дрэва пачуць гук леса, які расце. Маркотны песімізм пазбаўляе матывацыі да дзеяння і з’яўляецца найбольш упадабанай прыладай спакушальніка. Калі абмежавацца абывацельскім светапоглядам, то лягчэй паддацца гэтаму ўплыву і апусціць рукі, чым з надзеяй і пакорай прызнаць, што любая сітуацыя можа стаць праявай Божай сілы і збаўлення, і менавіта так мы задзейнічаем веру ў Бога, які не застаецца абыякавым да нягодаў нашага шляху, якімі б дробнымі яны ні здаваліся нам самім.

Як вынік усяго, што было сказана дагэтуль, трэба адзначыць: закон, які тлумачыць «стратэгію» добрага і злога духаў, нескладаны. Яны дзейнічаюць у тым ці адваротным напрамку адпаведна сваёй мэце — добрай ці дрэннай — у залежнасці ад схільнасці душы ў дадзены момант: імкнецца тая да лепшага ці рызыкуе заблукаць, збочыўшы з добрай дарогі.

Суцяшэнне і пакінутаcць: два полюсы душэўных станаў

У сваім восьмым лісце пляменніку Чарнобліку льюісаўскі Круцель тлумачыць «закон чаргавання хваляў»: у духоўнай сферы іх «падапечных» перыяды ўздымаў змяняюцца шэрагам спадаў — гэтаксама, як і ў кожным аспекце жыцця. Высветліць, што за гэтым хаваецца, дапамогуць ігнацыянскія правілы распазнавання, большая частка якіх прысвечана менавіта апісанню ўнутраных рухаў, а таксама парадам, як мудра паводзіць сябе пры кожным з іх. Тое, што К.С. Льюіс называе «ўздымам» і «спадам», у лексіконе святога Ігнацыя гучыць як «суцяшэнне» і «пакінутасць». Чаргаванне гэтых двух палярных станаў — найважнейшы складнік той «мовы», на якой Стварыцель размаўляе са сваімі дзецьмі, і таму ўменне «чытаць» іх у сваёй душы якраз і акрэслівае мастацтва духоўнага распазнавання. Спачатку варта адзначыць наступнае: хоць усё, што адбываецца ў духоўнай сферы, спалучана з нашым фізічным і псіхаэмацыйным самаадчуваннем і цалкам можа знаходзіцца ў гармоніі з ім, аднак не заўсёды гэта так — і неабходна адрозніваць гэтыя сферы. Асноўны крытэрый у духоўнай галіне — нашыя адносіны да Бога і Яго волі ў нашым жыцці.

Дык вось, духоўнае суцяшэнне — як яго вызначыць? Гэта стан гармоніі з Богам, адпаведнасць нашага шляху Божаму жаданню ў дачыненні да нас. Святы Ігнацый тлумачыць суцяшэнне ў першую чаргу як «пэўны ўнутраны рух, ад якога душа пачынае загарацца любоўю да свайго Стварыцеля і Пана» (ДП 316), вынікам чаго становіцца бачанне ўсяго створанага ў правільным святле — у суадносінах са Стварыцелем. Гэтай дынаміцы адпавядае таксама «ўсялякае ўзрастанне надзеі, веры і любові», плод дзеяння Божай ласкі. Акрамя таго, суцяшэнне — гэта духоўная радасць, супакой і сцішанасць у Богу, прага «нябесных рэчаў», жаданне праслаўляць Бога і служыць Яму… Спіс можна працягваць: як заўважае сам Ігнацый у сваіх тэкстах, тут складана даваць вычарпальныя азначэнні. Цікава, што ў апісанні духоўнага суцяшэння згадваюцца таксама слёзы, прычынай якіх можа быць усведамленне ўласнай грахоўнасці (або дзеяння зла ў нашым свеце) і жаль пры сузіранні Мукі Пана. Гэты дадатак дазваляе зразумець, што нашая блізкасць да Бога не азначае наіўнага адмаўлення ўсяго, што «не так» у свеце, аднак у стане суцяшэння мы глядзім на свет вачыма, поўнымі надзеі і жадання супрацоўнічаць у будаванні Божага Валадарства.

Калі звярнуцца да Евангелля, суцяшэнне прасцей за ўсё вызначыць як дзеянне Суцяшыцеля, абяцанага Езусам перад Яго Мукай, — Духа праўды, які навучыць усёй праўдзе (пар. Ян 16, 13). Грэцкае слова παράκλητος азначае «адвакат, той, хто падтрымлівае перад абвінаваўцам». Лацінскі корань consolare паказвае на «прабыванне з тым, хто адзін», г.зн. хто інакш застаўся б у самоце. Цікава, што славянскі корань у слове «суцяшэнне» этымалагічна, хутчэй за ўсё, звязаны з тэрмінамі, якія ў іншых мовах маюць значэнне «праўда, справядлівасць, прамы шлях». Іншымі словамі, суцяшэнне — гэта стан ласкі, якая «праламляецца» ў канкрэтнай рэальнасці веруючага чалавека, прыносячы плады: і ўнутраныя — у яго душы, і знешнія — у ягоных учынках і спосабе прысутнасці ў свеце. Менавіта як ласку, г.зн. дар, і варта ўспрымаць гэты рух, не прыпісваючы яго ўласным заслугам, але з пакорай памятаць, «наколькі мы мізэрныя без гэтай ласкі» (ДП 324). Тым не менш, хоць нам варта імкнуцца да суцяшэння як нашага звычайнага духоўнага стану, існуе рызыка празмернага ўпадабання яго знешніх праяваў, спалучаных з нашым псіхаэмацыйным станам.

Святы Ігнацый таксама адзначае, што ў перыяд духоўнага ўздыму трэба рыхтавацца да спаду, які рана ці позна наступіць, каб «назапасіць» духоўныя сілы і годна сустрэць час выпрабавання (ДП 323), падобна як звяры робяць летам запасы на зіму.

Дынаміка, супрацьлеглая суцяшэнню, называецца па-рознаму пакінутасцю, няўцешнасцю, бязрадаснасцю (будзем ужываць першы з гэтых тэрмінаў, бо ён больш укаранёны ў нашай духоўнай традыці). Пакінутасць — гэта страта адчування Божай блізкасці і схільнасці да духоўных рэчаў. Святы Ігнацый больш падрабязна гаворыць, што гэта «зацямненне душы, хваляванне ў ёй, схільнасць да рэчаў нізкіх і зямных, неспакой з-за розных імпульсаў і спакусаў, якія вядуць да нявер’я, без надзеі, без любові; калі чалавек адчувае сябе зусім абыякавым, астылым, сумным і нібы адлучаным ад свайго Стварыцеля і Пана» (ДП 317). Лацінскі тэрмін de-solatio ужываецца для вызначэння стану, супрацьлеглага con-solatio, г.зн. да стану ізаляцыі, адзіноты, пакінутасці.

Адразу заўважым, што адчуванне сябе пакінутымі, адлучанымі — уяўнае, якім бы балючым яно ні было: у асобным правіле змешчаны важны напамін, што Пан ніколі не пакідае нас без неабходнай дапамогі сваёй ласкі (ДП 320). Хоць супрацьстаяць спакусам нам больш складана, у нас заўсёды ёсць дастакова моцы, каб не ўчыніць цяжкага граху. Асноўная задача ў гэтых абставінах — «перачакаць непагадзь», пратрымацца на паверхні, не заглыбляючыся ў тую бездань, куды хацеў бы зацягнуць нас злы дух.

Вельмі істотны прынцып — падчас пакінутасці не змяняць рашэнняў і намераў, прынятых раней у суцяшэнні, бо ў гэтым стане «дарадчыкам» выступае злы дух, наш вораг (ДП 318). Найлепшая стратэгія — ніякім чынам не ўступаць у дыскусію з праціўнікам, мэта якога д’ябальская (διάβολος па-грэцку значыць «той, хто раздзяляе»), а менавіта скіраваная на аддзяленне, адлучэнне ад Бога і бліжняга. Злы дух, абвінаваўца (такое значэнне мае біблейскае слова «сатана») — майстра хлусні, які выдатна ўмее скажаць рэальнасць і прадстаўляць яе ў змрочных колерах, і нам лёгка заблытацца ў яго хітрыках, калi нават трохі саступіць яму, прызнаючы яго рацыю. Дарэчным будзе яшчэ раз нагадаць, што вельмі важна вучыцца не атаясамліваць сваё праўдзівае «я» з дасведчаным эмацыйным станам і панурымі думкамі, умець трымацца на адлегласці ад іх, практыкуючыся ў свабодзе і свядома выбіраючы надзею.

Напэўна, у чытачоў ужо наспела пытанне: чаму так адбываецца? чаму Бог дапускае такія балючыя выпрабаванні сваіх любімых дзяцей? На гэтае пытанне варта даць разгорнуты адказ, таму мы адкладзём яго на наступны раз, а пакуль адзначым толькі, што час пакінутасці — далёка не бескарысны, не страчаны час. Цытуючы зноў Круцяля: з пункту гледжання д’яблаў, «справа ніколі не бывае ў большай небяспецы, чым тады, калі чалавек, не маючы жадання, але маючы намер выконваць волю нашага Ворага [=Бога], аглядае Сусвет, з якога, здавалася б, зніклі ўсе сляды Яго прысутнасці, пытае, чаму ён пакінуты, і ўсё адно застаецца ў пакоры». Такім чынам, перыяд пакінутасці можа стаць цудоўным шанцам для нашага духоўнага росту, для ўмацавання ў вернасці Богу. Пераадольваючы нежаданне маліцца, захоўваць дысцыпліну, мы можам напружыць «духоўныя мышцы» і не проста не слухаць, не паддавацца змрочнаму голасу, але і зрабіць штосьці большае ў кірунку Бога, якога ў гэты момант не адчуваем, але ў якога верым. Так дзівосна і незвычайна з бязрадаснага выпрабавання вырастае новы досвед Бога — дзеля гэтага Ён і дапускае пакінутасць.

У наступны раз мы больш падрабязна пагаворым пра пакінутасць, яе прычыны і стратэгіі супраціву. А зараз пакінем чытачоў з некаторымі пытаннямі, якія могуць дапамагчы выкарыстаць усё вышэйсказанае ва ўласным вопыце.

  • Ці можаце назваць адну сферу свайго жыцця, дзе спакушальнік прапануе ўяўныя прыемнасці, якія ў рэшце рэшт вядуць да пусткі і расчаравання? Што дапамагае вам не паддавацца такім спакусам?
  • Ці можаце ўспомніць сітуацыю, калі насуперак вашаму жаданню рабіць дабро раптам (зноў?) узніклі перашкоды, сумневы, унутранае супраціўленне? Як вы сабе гэта тлумачыце? Ці ўнеслі больш яснасці ў гэтае пытанне прыведзеныя тут правілы распазнавання?
  • Ці распазнаеце ў сваім духоўным досведзе перыяды (або моманты) «уздыму» (суцяшэння) і «спаду» (пакінутасці)? Ці пачулі вы якую-небудзь карысную параду ад святога Ігнацыя адносна гэтай дынамікі?

а. Віктар Жук, SJ

Упершыню апублікавана на catholic.by:

Першая частка

Другая частка