Калі ў веруючага чалавека нараджаецца імкненне жыць згодна са сваёй верай і практыкаваць яе, ён пачынае прагнуць глыбейшага ўсведамлення сябе перад Богам. Ён шукае спосаб пазбавіцца ад усяго таго, што перашкаджае яму рабіць дабро.

«Прагляд дня» падобны да практыкі штодзённага «рахунку сумлення», аднак ягоная сутнасць у тым, каб засяродзіцца ў першую чаргу на Божай ініцыятыве і яе ўздзеянні на штодзённае жыццё, і толькі пасля гэтага — на тым, што мы зрабілі правільна ці няправільна.

Гэты малітоўны метад заснаваны на настаўленнях святога Ігнацыя Лаёлы, змешчаных у «Духоўных практыкаваннях», якія належыць дастасаваць да абставін і ўмоў свайго жыцця.

«Прагляд дня» звычайна займае 10–15 хвілін. Калі вы маеце ўсяго хвілін пяць, прысвяціце іх гэтай малітве. Яе мэта — уважлівае і паглыбленае распазнаванне: дзе Пан быў са мной на працягу гэтага дня і як я прабываў і супрацоўнічаў з Ім.

У якасці першага кроку ў малітве я «прашу аб святле». Я звяртаюся да Бога сваімі словамі і прашу аб тым, да чаго імкнуся ў гэтай малітве. Я размаўляю з Панам, «як сябра гаворыць з сябрам», паводле выказвання святога Ігнацыя.

Гэта можа азначаць, што я прашу Бога, каб у канцы дня на працягу гэтых 10–15 хвілін Ён даў мне сілы і жаданне спыніцца, знайсці цішыню (знешнюю і ўнутраную) і ўсвядоміць тое, што Пан хоча паказаць мне ў маім жыцці.

Часта я проста не ў стане спыніцца. Або вельмі стомлены. Таму я прашу Божай дапамогі, каб зрабіць гэтае практыкаванне. Прашу, каб Ён даў мне цяпер, у гэты момант, здольнасць пераадолець уласную ляноту ці стомленасць. Кожны дзень у мяне так шмат спраў!

Часта бывае так, што, ледзь паспеўшы прачнуцца, я адразу бягу ад аднаго занятку да іншага, цэлы дзень жыву ў мітусні, рэдка бываю ў цішыні і засяроджанасці. Часам нават не сілкуюся, як трэба! Калі мы жывём у такім рытме, вельмі цяжка запаволіць «бег» і прымусіць сябе спакойна памаліцца, а тым больш выканаць «рахунак сумлення». Па гэтай прычыне мы просім у Бога здольнасці спыніцца і цягам наступных 10–15 хвілін зрабіць хоць бы мінімальны высілак для прагляду дня, пражытага разам з Ім.

Святло неабходнае мне яшчэ і таму, што ўвечары я часта нават не памятаю, што было зранку. Не памятаю падзей мінулага дня і не ведаю, што было найбольш важным у маіх адносінах з Богам. Я веру, што Ён заўсёды са мной, але ў чым канкрэтна гэта выявілася? Толькі Ён можа паказаць мне ўсё ў сапраўдным святле, і я прашу Яго зрабіць менавіта так.

Мне вельмі патрэбна святло, каб Пан даў мне здольнасць распазнавання духаў, і я ўсвядоміў значэнне падзей гэтага дня. Я прашу, каб Ён паказаў мне, што было важным, а таксама што Ён праз гэта хацеў мне сказаць.

Напрыканцы першага пункта «прагляду дня» я стаю перад Богам і ўсведамляю, што любое маё пазнанне і адкрыццё самога сябе з’яўляецца вялікім дарам Яго ласкі.

Не трэба доўга заставацца на гэтым этапе — магчыма, толькі на час, які займае малітва «Ойча наш». Мы пачынаем з усведамлення, што мы самі мала здольныя маліцца, але Бог можа і хоча весці нас у гэтыя хвіліны.

Пан пакажа нам значныя рэчы і падзеі. Ён «прасветліць» канкрэтныя моманты дня і дапаможа спасцігнуць, што «гэта Ён». Галоўнае проста пачаць малітву, усведамляючы, што гэтае практыкаванне будзе не самааналізам, а актам даверу да Пана. Я прагну ўмацаваць сваю веру ў тое, што Ён любіць мяне. Напружанне тут можа перашкаджаць, таму трэба пастарацца адпусціць яго.

Другі пункт: удзячнасць. Пасля таго, як я знайду супакой і папрашу аб святле, аб тым, каб Пан вёў мяне падчас прагляду, надыходзіць час падзякі. Я магу дзякаваць за ўсё, што адбылося сёння: за канкрэтныя дары, малыя і вялікія. Важна разумець, за што я ўдзячны Богу. Каб глыбей усвядоміць гэта, я павінен назваць кожны асобны дар і атрымаць ад яго асалоду. Пакуль я не называю яго, дар яшчэ не прыняты мною.

Калі Бог стварыў гэты свет для чалавека, Ён прывёў усіх жывёлаў да Адама, і Адам даваў кожнай істоце імя. Такім чынам, дар быў прыняты і станавіўся адамавым. З удзячнасцю мы прызнаём паходжанне дароў ад Бога і праслаўляем Яго. У гэтым працэсе я знаходжу радасць і ўзрастаю ў веры.

Магчыма, вас здзіўляе, што я ўключыў «асалоду» ў працэс удзячнасці? Паразважаем над простым прыкладам з нашага чалавечага жыцця. Я вельмі рады, калі даю асаблівы падарунак чалавеку, якога люблю. Я шчаслівы, калі бачу, як ён цешыцца маім падарункам.

Асабліва радасны момант для мяне, калі ён адкрывае яго, захапляецца ім і атрымлівае асалоду. Яго ці яе «дзякуй!» — самае каштоўнае тады, калі я бачу, што ён ці яна шчыра радуюцца падарунку.

Падобным чынам і мы праслаўляем Пана, калі паказваем Яму, як мы сапраўды рады атрымаць той ці іншы Ягоны дар. Мы па-сапраўднаму прымаем дар тады, калі ўспрымаем яго нашымі пачуццямі і цалкам напаўняемся ім.

Пан пасылае нам бясконцае мноства дароў кожны дзень. Было б вельмі добра пачаць усведамляць хоць бы адзін з іх па-сапраўднаму і з асалодай — тады нашае жыццё будзе поўніцца радасцю і хвалой Богу! Часцей за ўсё на працягу дня мы не да канца ўсведамляем каштоўнасць атрыманых дабротаў. Можна ўявіць, што ў малітве такое ўсведамленне Божага дару — гэта цэлы працэс: развязваем прыгожую стужку, разгортваем паперу і адчыняем скрынку з падарункам.

Часам здараецца вельмі кепскі дзень, і ўвечары я проста не магу ўзгадаць, за што мне падзякаваць Богу. Я не бачу нічога добрага, не адчуваю ніякай радасці. Што тады рабіць? Здольнасць усвядоміць такі стан рэчаў перад абліччам Бога, магчымасць падзяліцца гэтымі пачуццямі з Ім — ужо дар.

Калі дзень быў цяжкі, я магу пачаць з падзякі за тое, што ён скончыўся, і за тое, што маё жыццё працягваецца далей. Неўзабаве я засну, і ўсё «гэта» змагу пакінуць у мінулым. Можна нагадаць сабе, што я маю дзе спаць, маю дах над галавой, я не галодны, у краіне няма вайны… Я магу дзякаваць за ўсё, што часта прымаю як дадзенасць.

Удзячнасць мае першачарговае значэнне для хрысціяніна, таму яна стаіць на першым месцы ў праглядзе дня і апярэджвае любую маральную ацэнку.

Удзячнасць Богу і іншым людзям вучыць нас сапраўднай пакоры. Мы ўзрастаем у Божым бачанні і разуменні, пачынаем жыць у рэальнасці, якая сама па сабе з’яўляецца Божым дарам. Увесь час мы толькі атрымліваем.

Зноў жа, у нашых добрых учынках мы можам дзякаваць Богу за тое, што здольныя рабіць дабро. Ён адарыў нас здольнасцямі, талентамі, здароўем, стварыў адпаведныя абставіны, каб усё атрымалася як мага лепш. Дзякуй Богу за ўсё!

А калі нам асабліва складана быць удзячнымі, мы можам проста прызнаць гэта перад Богам і сказаць: «Пане, я сляпы! Сёння я нічога добрага ў сваім жыцці не ўбачыў. Дай мне новыя вочы, новае сэрца і новыя вушы! Навучы мяне маліцца. Сам я не ўмею».

Можа стацца так, што мы не здольныя ўбачыць дабро, бо «зацыкленыя» на саміх сабе і выключна на ўласных перажываннях, думках і эмоцыях. Удзячнасць — гэта адзін са спосабаў забыцца пра сябе і засяродзіць увагу на Іншым, на Тым, хто па-нада мною. Мы часта жывём у пекле, якое самі ж і стварылі. Але Пан ратуе нас з гэтага пекла.

Колькі часу ў малітве павінна займаць удзячнасць? На гэтым этапе варта затрымацца найдаўжэй, нават адвесці ёй найбольшую частку малітвы.

У некаторыя дні маё сэрца будзе «кіпець» ад падзякі Пану. Тады я магу заставацца ў пачуцці ўдзячнасці, пакуль яно не скончыцца. Няма патрэбы спяшацца. Памятайце, у пачатку малітвы мы прасілі аб Божым святле, таму верым, што Пан вядзе нас, а мы вучымся слухаць і быць паслухмянымі гэтаму нябачнаму суправаджэнню.

Не трэба рухацца далей, пакуль я яшчэ збіраю плён там, дзе яго знайшоў. А калі я адчуваю, што сабраў яго цалкам, магу перайсці да наступнага кроку — прагляду маіх знешніх і ўнутраных рэакцый на тое, што адбывалася сёння.

Гэта можна зрабіць рознымі шляхамі.

Можна «праглядзець» дзень як фільм, пачаўшы ад абуджэння і завяршаючы цяперашнім момантам, або наадварот, «пракруціць» гэты фільм з канца ў пачатак. Падчас прагляду я стараюся ісці ад адной падзеі да другой і спрабую ўсядоміць свае дзеянні, думкі і пачуцці.

Таксама ўспамінаю, што адбывалася вакол мяне і як я ставіўся да гэтага.

У працэсе такога прагляду важна звяртаць асаблівую ўвагу на «духоўныя пачуцці». Пра што ідзе гаворка? Не ўсе падзеі і рэакцыі маюць аднолькавае значэнне. Паступова мы вучымся разумець, калі і як Пан «гаворыць» з намі праз знешнія падзеі, запрашаючы далучыць нашу свабоду, розум і волю.

З паглыбленнем уласнага досведу такога ўсведамлення мы, напрыклад, пачынаем адрозніваць звычайную радасць і весялосць, часта павярхоўныя і нетрывалыя, ад ціхай, але глыбокай духоўнай радасці.

Існуе якасная розніца, калі Пан натхняе пачуццё.

Кожная здольнасць адчуваць — гэта вялікі Божы дар. А распазнанне Яго спосабу «гаварыць» з намі — яшчэ адзін дар, і ён варты таго, каб прасіць аб ім Бога. Сутнасць таго, што адбываецца ў час прагляду дня — распазнаванне дзеяння «духаў» у маім штодзённым жыцці, і ў першую чаргу, дзеяння Духа.

Калі я практыкуюся з дня ў дзень ва ўважлівасці такога кшталту, я навучуся заўсёды знаходзіць тыя моманты, калі Бог быў блізка, «дакранаўся» да мяне, таму што якая-небудзь падзея альбо маё ўспрыманне нясе на сабе след, які можа пакінуць толькі Ён сваёй ласкай.

Натхненні ад Бога заўсёды маюць на мэце наблізіць мяне і іншых людзей да Яго і падтрымліваюць мяне, каб я хадзіў Яго шляхамі.

Падчас «прагляду дня» трэба зірнуць яшчэ і на тое, як я адказваў на Божую блізкасць, на Яго заклік. Дзе Бог заахвочваў мяне зрабіць добрую справу, паводзіць сябе як Яго сын ці дачка?

Спроба адказаць на такія пытанні часта выклікае адчуванне, што я вельмі «не дацягваю» да ідэалу хрысціянскага жыцця.

Аднак не трэба сябе асуджаць — рэакцыя самаасуджэння звычайна перашкаджае нам працягваць дыялог з Богам. Гаворка не ідзе пра тое, каб зняць з сябе адказнасць, але пра тое, што суд у рэшце рэшт належыць Богу.

Найперш мы павінны ўсвядоміць, што сталася, назваць шчыра па імені і аддаць Богу, які здольны гэта прыняць у сваёй міласэрнасці. Не забываемся, што «прагляд» мы робім Яго вачыма, як прасілі ў самым пачатку малітвы.

Калі я заўважаю, што думаю пра дрэнныя ўчынкі іншых людзей, або пачынаю вырашаць якое-небудзь побытавае пытанне, або пераключаюся яшчэ на штосьці, не датычнае «матэрыяла» малітвы, я проста стараюся спыніцца і вярнуцца да практыкавання.

Цалкам магчыма, што я ўсвядомлю сваю крыўду на кагосьці. Часам дзённыя падзеі могуць ускалыхнуць даўнія крыўды і раны. Менавіта малітва — найлепшы момант, каб аддаць гэта Богу.

Я магу паказаць Яму сваю крыўду, свой боль і прасіць, каб Ён даў мне тое, што я хачу замест гэтага — разуменне, спакой, прабачэнне, згоду, цярплівасць і г.д.

Падчас малітвы «прагляду дня» мне не толькі не трэба нічога ігнараваць, але нават нельга абмінаць такія моманты. Усведамленне гэтых пачуццяў і думак — дар ад Бога!

Духоўнасць уяўляе сабой менавіта такое яднанне з Богам ва ўсіх падзеях жыцця, ва ўсіх яго дробязях — асабліва тых, якія абцяжарваюць мяне, таму што там я найбольш маю патрэбу ў Ім, у Яго азрадаўленні і збаўленні.

На гэтым этапе я магу знайсці нешта новае, за што адчуваю ўдзячнасць. «Малітва любячай увагі» — як называюць гэтае практыкаванне некаторыя аўтары — сапраўды дапамагае заўважыць знакі Божай прысутнасці ў пражытым дні: калі я дзейнічаў з Ім, гэта напаўняе мяне яшчэ большай радасцю. Не трэба саромецца прызнацца, што гэты дзень быў цудоўным.

Але бывае таксама інакш. Магчыма, падчас малітвы мне ўдасца ўпершыню за дзень усвядоміць, што Бог блізка. Дзякуй Богу!

У такім выпадку пры «праглядзе дня» я магу ўбачыць, што не садзейнічаў Божай ініцыятыве, але ішоў сваім уласным шляхам, хацеў зрабіць усё сам, успрымаў усё, як належнае! І цяпер разумею сваю аддаленасць ад Бога, адчуваю пакінутасць ці нават журбу. Такое ўсведамленне можа раніць маё самалюбства, таму варта памятаць аб пакоры, якая з’яўляецца ўмовай майго быцця перад Богам у праўдзе.

Бачыць свой грэх — гэта ласка. Без Божай ласкі я не магу пазнаць, наколькі і як я аддалены ад сваго Стварыцеля і Крыніцы Жыцця. І Пан дае мне гэта ўсвядоміць, таму што Ён таксама дае мне ласку сваёй міласэрнасці, аздараўлення і паяднання, каб я зноў быў побач з Ім.

Бог не абуджае пачуццё віны, каб увесь час катаваць нас. Пачуццё віны бывае карысным і паходзіць ад Пана, але толькі ў самы першы момант, каб я зразумеў, што зграшыў. І пасля гэтага гаючага ўсведамлення Пан жадае адразу забраць ад мяне цяжар, які можа ператварыцца ў нязносны прыгнёт.

Таму наступны, чацвёрты крок нашай малітвы — просьба аб прабачэнні і даверы да Божай міласэрнасці і аб аздараўленні каранёў маёй няздольнасці адказваць любоўю на Божы дар у маім жыцці.

Яшчэ адна заўвага наконт пачуцця віны. Калі я ўвесь час адчуваю сябе вінаватым — перад сабой, іншымі і Богам — гэта, відавочна, не праблема граху. Калі я ўсвядоміў пэўны грэх, пашкадаваў аб ім, вызнаў яго і аддаў Богу, але потым працягваю адчуваць віну, гэта НЕ ад Бога.

Бог заўсёды прабачае і ніколі не выкарыстоўвае пачуццё віны, каб пастаянна нагадваць аб нашай грахоўнасці. У Евангеллі Езус ніколі не адносіўся да чалавека падобным чынам. Калі віна ўвесь час ходзіць за мной, то хутчэй за ўсё дзейнічае іншая дынаміка і іншая праблема, якая патрабуе ад нас шукаць дапамогі ў духоўнага кіраўніка або (і) псіхолага.

Падкрэслім яшчэ раз: гаворка не пра тое, каб зняць з сябе адказнасць, але каб вучыцца бачыць сябе прабачанымі грэшнікамі. Божае дзеянне нясе вызваленне. Бог «забываецца» пра нашыя грахі, але ніколі не забывае нас.

Як нагадвае папа Францішак у Evangelii Gaudium: «Айцец, які праз Езуса заахвочвае нас прабачаць семдзесят сем разоў, Сам ёсць Міласэрнасць» (пар. EG 3).

Мы хутка стамляемся ад сябе ці ад іншых, а Бог не стамляецца ніколі! Вось таямніца Яго любові і крыніца нашай надзеі. Пан ніколі не стамляецца, і мы вучымся ў Яго цярплівасці нават да саміх сябе. Я думаю, што некаторыя вернікі надсвядома пазбягаюць рахунку сумлення як пастаяннай практыкі, якая нагадвае пра іх недахопы, менавіта таму, што не заўважаюць у ёй доступ да Божай міласэрнасці, да прыняцця, да прабачэння, якое вызваляе.

Пан «дзеля свабоды вызваліў нас» (Гал 5, 1), і таму мы можам глядзець у будучыню з надзеяй, у чым і заключаецца сутнасць апошняга, пятага пункта малітвы «прагляду дня». Нашыя пастановы выправіцца застануцца без выніку, калі яны абапіраюцца на ўласную волю, а не сыходзяць са збаўчага дзеяння Духа Езуса Хрыста.

Мы запрашаем Бога ў сваю будучыню, а дакладней кажучы, стараемся пачуць і прыняць Божае запрашэнне ўвайсці ў Яго будучыню.

Я магу з некаторай верагоднасцю прадчуваць, што са мной адбудзецца заўтра ў той штодзённасці, якая паўтараецца зноў і зноў, але выключна ў Божай моцы — адкрыць новы шлях жыцця, які вядзе ў вечнасць, у тых абставінах, дзе Ён сам працуе дзеля мяне і ўсяго стварэння.

Больш канкрэтна ад мяне патрабуецца, каб я ўзрастаў ва ўсведамленні, якім напоўнена ўся малітва «прагляду дня»: Бог чакае мяне зноў і зноў у дробязях падзей, абавязкаў, сустрэч, твараў, рашэнняў, прагнучы адарыць мяне сваёй ласкай настолькі, наколькі я магу змясціць; а мне трэба быць уважлівым, каб зрабіць свой крок насустрач гэтаму дару, каб пазнаць Яго голас сярод мноства іншых галасоў, якія гучаць у маім жыцці.

Заўтра будзе новы дзень і новая магчымасць акунуцца ў прыгоду пошукаў Эммануэля, Бога-з-намі.

а. Янез Север SJ, а. Віктар Жук SJ

Упершыню апублікавана на сайце catholic.by