Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце: «Дождж будзе», і так адбываецца. А калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: «Спякота будзе», і так адбываецца. Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце? Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае? (Лк 12, 54–57)

Гэты эпізод з Евангелля паводле святога Лукі — толькі адзін з прыкладаў навучання Хрыста, дзе Ён заклікае сваіх паслядоўнікаў распазнаваць, умець у правільным духоўным святле бачыць, ацэньваць і адпаведна рэагаваць на тое, што адбываецца ўнутры чалавека і ў навакольным свеце. Такі ж заклік апошнім часам часта кіруе да нас і папа Францішак, а калі казаць больш дакладна, увесь ягоны стыль як пастыра паўсюднага Касцёла прасякнуты стаўленнем, у падмурку якога ляжыць гэты духоўны дар. Другі Ватыканскі Сабор казаў пра неабходнасць «даследаваць знакі часу і інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля так, каб [Касцёлу] быць здольным кожнаму пакаленню даць зразумелы адказ на вечныя пытанні людзей пра сэнс цяперашняга і будучага жыцця» (GS 4).

Што ж маецца на ўвазе пад «распазнаваннем» («адрозніваннем») і ў чым яго сутнасць, мэта, механізм? Над гэтымі пытаннямі мы і будзем разважаць.

Асновай і натхненнем для нас стануць словы Святога Пісання, духоўная традыцыя, сфармаваная яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства, а таксама правілы, змешчаныя ў «Духоўных практыкаваннях» святога Ігнацыя Лаёлы, які справядліва лічыцца вялікім знаўцам у гэтай сферы.

«Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце», — заахвочвае сваіх адрасатаў святы Ян Евангеліст (1 Ян 4, 1). У жыцці асобнага чалавека, у супольнасцях і ў Касцёле дзейнічаюць розныя «духі». Пытанне наконт таго, што разумеецца пад «духамі», мы разгледзім ніжэй, а пакуль адзначым, што гэтыя разнастайныя ўплывы супрацьлеглыя: адны паходзяць ад Бога, іншыя ж вынікаюць з падману і зводзяць з добрага шляху. У жыцці айцоў пустэльнікаў, якое пераважна складалася з «духоўнага дзеяння», адной з асноўных мэтаў было «прасейванне» намераў, г.зн. належнае ацэньванне таго ці іншага ўнутранага руху (думкі, эмоцыі, інтэнцыі) як карыснага для душы або варожага. Адпаведна, наступным крокам было іх прыняцце ці адкіданне. Падобную «духоўную барацьбу» павінен весці кожны вучань Хрыста, у тым ліку ў «свецкім» жыцці. У гэтай цяжкай часамі бітве вельмі прыдасца вопыт нашых папярэднікаў у наследванні Хрыста. Іх парады засноўваюцца на заўважаных заканамернасцях духоўнага жыцця і, вядома, патрабуюць належнага дастасавання да сучасных абставінаў; тым не менш, большасць настаўленняў не губляюць актуальнасці сёння, калі велізарная колькасць імпульсаў, памкненняў, прапаноў атакуе наш розум і сэрца з усіх бакоў.

Распазнаванне не з’яўляецца мэтай само па сабе. Яно толькі папярэднічае канкрэтным рашэнням і дзеянням тых, хто імкнецца выконваць волю Нябеснага Айца і такім чынам стаць братам, сястрой і маці Хрысту (пар. Мк 3, 35). Мэта распазнавання — не проста застацца «на арбіце» Божых запаведзяў, але імкнуцца ісці «яшчэ лепшым шляхам» (пар. 1 Кар 12, 31), любячы Хрыста ўсё мацней і наследуючы Яго больш дасканала ў канкрэтных умовах нашага жыцця (пар. ДП 104). Такім чынам, такое духоўнае дзеянне ўплецена ў дынаміку нашых адносінаў з Богам і прадугледжвае актыўнае малітоўнае жыццё, у якім мы не толькі «чытаем малітвы», але адкрываем перад Богам усё, што адбываецца з намі, і імкнемся пачуць Божае слова для нашага жыцця. У такой інтэнсіўнай сувязі з Богам вельмі карысна ведаць некаторыя агульныя правілы, якія дзейнічаюць у сферы духа: у адваротным выпадку мы рызыкуем у духоўным сэнсе «таптацца на адным месцы» доўгія месяцы і нават гады, і толькі таму, што не ведаем законаў жыцця ў Духу або не ўмеем стасаваць іх да сябе. Нашае ўяўленне пра Бога, пра ўласны стан у Ягоных вачах можа быць моцна скажоным памылковымі стэрэатыпамі ці прадузятасцю, таму перад намі стаіць задача, якую можна параўнаць — карыстаючыся вобразам святога Яна Касіяна (IV–V ст.) — з працай умелага мянялы, калі той павінен быў адрозніць сапраўдную манету ад фальшывай, хоць знешне яны былі вельмі падобныя.

У працэсе распазнавання хрысціянін рана ці позна сутыкаецца з рэальнасцю супраціву з боку «старога чалавека». Так можна акрэсліць усё тое ў самім сабе, што перашкаджае пачуць Божы заклік і прыняць у паўнаце Божае збаўленне ў сваім жыцці. Святы Ігнацый, ідучы за традыцыяй, гаворыць аб неабходнасці вызвалення ад неўпарадкаваных прыхільнасцяў — тых упадабанняў, звыклых паводзін і рэакцый, спосабу мыслення і ўнутраных установак, якія «стрымліваюць» наш духоўны рост і, у горшым выпадку, могуць адвесці далёка ад Бога і Касцёла. Яўна ці прыхавана гэтыя хваравітыя прыхільнасці патураюць эгаістычнаму стаўленню да ўласнага жыцця і ўсёй рэчаіснасці і паказваюць неабходнасць нашага няспыннага навяртання да Хрыстовага Евангелля.

У адной са сваіх кніг езуіт Біл Бэры дзеліцца ўласным досведам: на працягу пэўнага часу ён «атрымліваў сігналы» — і знешнія, і ўнутраныя — аб тым, што ўжыванне алкаголю шкодзіць ягонаму фізічнаму і духоўнаму стану. Ён піша, што спачатку рэзка рэагаваў, калі хтосьці меў адвагу зазначыць гэта, і апраўдваўся перад сабой тым, што меў «права» выпіць — фармальна гэта не забаронена. Аднак, даследуючы свае рэакцыі з дапамогай правіл распазнавання, ён паступова ўсвядоміў, што «добры дух» падштурхоўваў яго да шчырага прызнання рэальнага стану рэчаў, а тым часам яго «стары чалавек», паддаючыся логіцы «злога духа», лічыў за лепшае працягваць шукаць задавальнення і суцяшэння ў нездаровай схільнасці. Гэты прыклад паказвае, як практыка распазнавання дапамагае ісці шляхам сапраўднай хрысціянскай свабоды — не той свабоды, што насамрэч з’яўляецца свавольствам або, у лепшым выпадку, «дзіцячай непасрэднасцю», але свабоды, якую даў Хрыстус, каб мы маглі «ў любові служыць адно аднаму» (пар. Гал 5, 1.13). Менавіта ў сэнсе такой свабоды варта ўспрымаць тэрмін «бясстраснасць», які часта ўжываецца духоўнымі аўтарамі, але яшчэ часцей няправільна інтэрпрэтуецца тымі, хто яго чуе: гаворка ідзе не пра эмацыйную халоднасць, адасобленасць ці абыякавасць да навакольнага свету, а пра здольнасць не паддавацца імпульсам і ўпадабанням, якія супярэчаць сапраўднаму дабру і становяцца перашкодай у тым, каб чуць Божы заклік у сваім жыцці.

Згодна з хрысціянскім бачаннем, у чалавечае сэрца ўкладзена жаданне Бога, і нішто створанае не ў стане задаволіць гэтую смагу. Як цудоўна выказаўся святы Аўгустын у вядомых словах: «Ты нас стварыў для сябе, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе». Практыкаванне распазнавання мае на мэце магчымасць і патрэбу адчуць, спасцігнуць імкненне чалавечага сэрца да Бога, крыніцы вечнага жыцця, за ўсімі іншымі памкненнямі і задумамі, якімі поўніцца наша паўсядзённасць. Яшчэ раз адзначым, што распазнаванне не абмяжоўваецца дасягненнем гэтай мэты: наступны крок — дазволіць, каб імкненне да Бога ўпарадкавала і ўсе астатнія нашыя намеры. Гэта датычыцца як найбольш важных жыццёвых рашэнняў (выбар паклікання, напрыклад), так і мноства штодзённых драбніц, у якіх і крыецца сутнасць нашай вернасці выбранаму шляху. Святы Ігнацый пакінуў цэлую методыку, як здзейсніць выбар перад Богам і ўпэўніцца, што прынятае рашэнне даспадобы Богу. З пункту гледжання «духоўнай педагогікі» карысна спачатку выпрацаваць навык распазнавання адносна простых сітуацый, каб паступова набыць гатоўнасць правільна рэагаваць і ў больш складаных выпадках, спалучаных, напрыклад, з адказнасцю за іншых людзей. На першых этапах вельмі важна мець зваротную сувязь дасведчанага дарадчыка ці духоўнага кіраўніка, каб не памыліцца. Не лішне будзе згадаць некаторыя іншыя прыклады таго, што можа стаць прадметам распазнавання: інтэрпрэтацыя Святога Пісання, у якім часам можна знайсці на першы погляд супярэчлівыя тэксты; вобраз Бога, які відавочна ці ўтоена прысутнічае ў разнастайных сцвярджэннях пра веру; маральны выбар, калі два ці больш прынцыпаў уступаюць у канфлікт… У бясконцым шэрагу такіх сітуацый мы пакліканыя даць той адказ, які найбольш адпавядае нашай сутнасці як дзяцей Божых і вучняў Хрыста, і прынесці плёны, годныя хвалы Божага Валадарства.

«Шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім», — гучыць адзін з дэвізаў святога Ігнацыя. Пошук Бога ў нашай рэчаіснасці азначае, перш за ўсё, веру ў Божую прысутнасць і ўвагу да яе і дзеяння як у знешніх абставінах, так і ва ўнутраных рухах душы. Такім чынам, неабходнай перадумовай для дзейснага распазнавання з’яўляецца практыка ўсвядомленай увагі — з дапамогай Божай ласкі — да працэсаў і падзей, істотных для нашага жыцця з Богам. Асноўнай «прасторай» для такога ўсведамлення з’яўляецца малітоўны прагляд дня — практыка, здаўна вядомая як «рахунак сумлення». У сучасных аўтараў ігнацыянскай традыцыі яна мае назву «малітва любячай увагі», «15 хвілін шчырасці» і інш. Гэтаму духоўнаму інструменту будзе прысвечаны асобны артыкул. Цяпер жа мы звернемся да аднаго вельмі далікатнага пытання.

Распазнаванне… духаў? Вы сур’ёзна?

У хрысціянскай традыцыі слова «распазнаванне» (альбо адрозніванне) часта спалучаецца з іншым словам — «духаў». У нас, людзей XXI стагоддзя, далёкіх ад «прымітыўнага» спосабу тлумачэння падзей уздзеяннем нябачных сіл не з гэтага свету, такое словазлучэнне можа выклікаць іранічную ўсмешку. З іншага боку, крайняя пазітывісцкая ўстаноўка можа вельмі перашкаджаць цэласнаму ўспрыманню прыроды чалавека, у якой спалучаюцца і сцісла ўзаемадзейнічаюць між сабой цялеснае, псіхічнае і духоўнае. Галоўнае пытанне наконт сутнасці «злых духаў» зводзіцца да таго, ці мы павінны разумець моц зла ў якасці персаніфікаваных суб’ектаў, ці гаворка пра нейкіх істот усё ж прадугледжвае метафару, якая тлумачыць пэўныя з’явы ў жыцці паасобных людзей, чалавечага грамадства і нават усяго сусвету. Такая самая фармулёўка датычыцца і вызначэння «добрых духаў»: з’яўляюцца яны «анёламі», разумнымі істотамі, або яны — увасабленне добрага боскага дзеяння. На падставе Евангелля можна зрабіць выснову, што Пан Езус успрымаў існаванне анёлаў і дэманаў як рэальнасць, і ў гэтым Яго погляды супадалі з верай большасці Ягоных сучаснікаў юдэяў. Нават некаторыя фізічныя захворванні лічыліся ўплывам злых духаў, аднак цяжка вывесці дакладны крытэрый для такой ідэнтыфікацыі з дадзеных, якія мы маем з Новага Запавету.

Пытанне аб рэальным існаванні «духаў» і пераносным значэнні гэтага слова выдатна паказаны К.С. Льюісам у прадмове да ягоных «Лістоў Круцяля». Сам гэты твор настойліва рэкамендуем пра(пера)чытаць. Цяпер жа звернемся да некаторых яго думак: «У тым, што датычыцца злых духаў, — піша Льюіс, — чалавечы род можа стаць ахвярай дзвюх раўназначных і супрацьлеглых памылак. Адна з іх — не верыць у існаванне злых духаў. Другая — верыць і адчуваць празмерную і нездаровую цікавасць да іх. Для саміх злых духаў абедзве памылкі аднолькава прыемныя, і яны з задавальненнем вітаюць як матэрыяліста, так і прыхільніка магіі». Свае развагі на гэтую тэму хрысціянскі апалагет ХХ стагоддзя падсумоўвае наступным чынам: «Пытанне наконт таго, што я думаю пра злых духаў, насамрэч не мае вялікага значэння для чытачоў „Круцяля“. Для тых, хто прымае маё меркаванне, мае злыя духі будуць сімваламі канкрэтнай рэальнасці; для астатніх яны будуць увасабленнямі абстрактных ідэяў, і ўся кніга будзе алегорыяй. Але для таго, каб прачытаць кнігу, гэта не вельмі істотна. Бо яе мэта, натуральна, не ў тым, каб разважаць пра жыццё злых духаў, а ў тым, каб у новым святле зірнуць на жыццё людзей».

Падобна выказваецца і Кэйс Ваайман у сваёй працы «Духоўнасць»: «Важнае не столькі пытанне аб існаванні д’ябла і злых духаў (іх рэальным існаванні і ацэнках), колькі метады праяўлення іх паводзінаў, іх захады і ўздзеянне на мысленне, волю і ўчынкі людзей». Іншымі словамі, тут — як і ў сферы распазнавання ўвогуле — істотным з’яўляецца прынцып «пладоў»: да чаго вядзе і якія наступствы мае той ці іншы ўплыў у жыцці чалавека (супольнасці), незалежна ад таго, паходзіць ён з патаемных глыбінь падсвядомасці чалавека ці натхнёны звонку. Святы Ян Касіян піша, што ёсць «тры крыніцы нашых думак: Бог, д’ябал і мы самі». Чалавек як добрае Божае стварэнне, але пашкоджанае грахом, можа прадукаваць думкі альбо нейтральныя з пункту гледжання збаўлення, альбо такія, што вядуць у рэшце рэшт да жыцця ці да смерці. Разнастайныя імпульсы, жаданні, схільнасці, якія ўзнікаюць унутры нас, часта з’яўляюцца вынікам засвоенага намі ўплыву значных для нашага светапогляду людзей і культуры ў цэлым. Іх неабходна распазнаваць, прасейваць і ачышчаць у Божым святле не менш, чым тое, што паходзіць звонку. Слова «дух», ужытае для апісання крыніцы ўнутраных рухаў у гэтай карціне, можа быць проста данінай традыцыі, якая заўсёды патрабуе новага пераасэнсавання з боку кожнага пакалення.

Нашыя кароткія ўводзіны ў тэму распазнавання хацелася б скончыць у духу святога Ігнацыя: у духоўным жыцці трэба «практыкавацца» так, як мы гэта робім у іншых сферах. Чытачоў, якія захочуць прасякнуцца стылем Ігнацыя, запрашаю пастарацца — сёння ці ў бліжэйшыя дні — назваць тых «духаў», уздзеянне якіх вы адчуваеце ў сваім штодзённым жыцці, намагаючыся прасачыць яго напрамак і канчатковы плён. Можна выконваць гэтае практыкаванне пісьмова, занатоўваючы свае назіранні ў дзённіку. Дастакова выбраць адну ці некалькі значных сітуацый і ўсвядоміць спадарожныя ім рэакцыі, словы, думкі. Што сталася іх перадумовай? Які «ўнутраны прысмак» застаецца пасля? Які іх лагічны працяг і заканчэнне? (Можна звярнуцца ў гэты момант да пераліку «ўчынкаў цела» і «пладоў Духа» ў пасланні апостала Паўла да Галатаў (Гал 5, 19–23). Можна нават змясціць свае назіранні ў табліцу, адпаведна пастаўленым пытанням. Не трэба спяшацца ацэньваць свае паводзіны з маральнага пункту гледжання, а замест гэтага варта звярнуцца з усім, што вы ўсвядомілі, да Бога.

У наступны раз мы разгледзім малітву прагляду дня — штодзённую практыку ўсведамлення Божага дзеяння ў нашым жыцці і магчымасці «акунацца» кожны дзень у Божую міласэрнасць і новую надзею.

а. Віктар Жук, SJ

Упершыню апублікавана ў дзвюх частках на catholic.by:

Першая частка

Другая частка