У палове XVIII ст. Таварыства Езуса было вялікім і уплывовым ордэнам у Каталіцкім Касцёле. Ад моманту заснавання езуіты былі абаронцамі папства, рупліва працавалі на самых адлеглых тэрыторыях па ўсім свеце. Як дайшло да скасавання ордэна?

У літаратуры, якая датычыць гісторыі каталіцызму, можна сустрэць выраз “улада над душамі”. Гэты ўплыў на вернікаў, асабліва на высакародных і заможных, які мелі езуіты, пачаў фармавацца ў XVI ст. і трываў да канца XVII ст. Можна дыскутаваць аб рэальным удзеле Таварыства Езуса ў палітыцы, значнасць якога падкрэсліваюць аўтары, якія не вельмі прыязна адносяцца да ордэна і Касцёла ў цэлым. Аднак у XVIII ст. моц, якую ўяўлялі сабой езуіты ў каталіцкім свеце, стаяла папярок дарогі многім інтэлектуальным і палітычным рухам Заходняй Еўропы. Апроч знешніх фактараў, трэба звярнуць увагу і на ўнутраныя. Падаецца верагодным, што вырашальнымі сталі глыбінныя працэсы, выкліканыя культурай эпохі Асветніцтва.

Езуіты стаялі на варце светапогляду, які супярэчыў таму, што прапагандавалася праз Асветніцтва. Іх дзейнасць, у першую чаргу, у сістэме адукацыі, перашкаджала распаўсюджванню новых плыняў: рацыяналізму, натуралізму, утылітарызму і інш. Езуіты ўмацоўвалі пазіцыю Касцёла і рэлігіі ў жыцці народаў. У палеміцы з філосафамі-асветнікамі галоўным полем бітвы была менавіта тэма выхавання моладзі.

Для ордэна сітацыя пачала пагаршацца па меры таго, як новыя інтэлектуальныя рухі ўваходзілі ў моду і набіралі папулярнасць сярод прыдворных і касцёльных элітаў. Гэтаму пашырэнню спрыялі тайныя арганізацыі, асабліва масоны. Прыналежнасць да тайных клубаў, ложаў і г.д. была распаўсюджанай з’явай таго часу сярод вышэйшых слаёў грамадства. Масоны займалі важныя дзяржаўныя пасады, прымалі ўдзел у палітыцы еўрапейскіх краін, якая рабілася ўсё больш непрыхільнай адносна Таварыства. У будучыні гэтая захопленасць ідэямі Асветніцтва абернецца для арыстакратыі катастрофай. Аднак у першай палове XVIII ст. небяспеку бачылі толькі езуіты.

Аснову пад касацыю падводзілі з самага пачатку XVIII ст., але канчатковы разгляд пачаўся ў другой палове стагоддзя. Рэпрэсіі пачаліся з Партугаліі, адкуль членам Таварыства загадалі выехаць у 1759 г. У наступныя гады іх выгналі з Францыі, Іспаніі і некаторых італьянскіх дзяржаў. Варта адзначыць, што ў гэтых краінах у асноўным кіравала адна дынастыя, Бурбоны.

Папа Клімент ХІІІ намагаўся бараніць езуітаў. У 1765 г. ён выдаў булу “Apostolicum pescendi munus”, якая падкрэслівала заслугі ордэна. Пасля яго смерці пасланнікі бурбонскіх двароў у Ватыкане настойліва дабіваліся ад кардыналаў канклава, каб папай абралі каго-небудзь не так прыхільнага Таварыству Езуса. Біскупам Рыма стаў Клімент XIV, які, магчыма, і не ставіўся варожа да езуітаў, але яму не хапала цвёрдасці папярэдніка. Пад моцным ціскам уладароў розных краін, якія пагражалі ўчыніць рэпрэсіі ўсяму Касцёлу, праз два гады свайго пантыфіката ён саступіў іх патрабаванням. 21 ліпеня 1773 года выдаў брэвэ “Dominus ac Redemptor”, якім скасоўваў Таварыства Езуса. Пры гэтым ён спадзяваўся, што, ахвяруючы езуітамі, уратуе пазіцыі Касцёла. Канец XVII ст. і пачатак XIX ст. паказалі, што ён памыляўся.

На момант касацыі ордэн налічваў каля 23000 езуітаў, меў 56 калегіумаў, 20 рэзідэнцый і 65 місійных пляцовак. Пасля роспуску езуітаў прыняла імператрыца Кацярына ІІ, а тэрыторыя сучаснай Беларусі стала адзіным легальным месцам дзейнасці езуітаў.

Пасля першага падзелу у 1772 г. Расія далучыла ўсходнія тэрыторыі Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Там знаходзілася нямала езуіцкіх асяродкаў. Кацярына ІІ, прыхільная ідэям Асветніцтва, шанавала адукацыйную працу Таварыства і даручыла езуітам займацца асветай так званага “заходняга краю”. У доказ сваёй сімпатыі ахвяравала ім касцёл св. Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу, якім зараз займаюцца дамінікане.

Знаёмства Кацярыны ІІ з езуітамі адбылося ў 1772 годзе, калі а. С. Чарневіч, а. Г. Лянкевіч і а. Й. Каттэнбрынг прыехалі ў Пецярбург у якасці прадстаўнікоў каталікоў лацінскага абраду засведчыць павагу імператрыцы. Яна ўзяла Таварыства Езуса пад сваё асабістае заступніцтва і даверыла яму рэарганізацыю сістэмы адукацыі. 22 верасня 1773 года Кацярына накіравала распараджэнне губернатарам, каб яны давялі да ведама езуітаў, што яна мае намер іх падтрымліваць і захоўваць. 25 кастрычніка віцэ-правінцыял ордэна а. Станіслаў Чарневіч атрымаў распараджэнне ад Кацярыны тэрмінова прыбыць у Пецярбург.

А. Станіслаў Чарневіч

Прыехаўшы ў сталіцу, Чарневіч ўручыў генерал- губернатару Беларусі памятную запіску, у якой гаварылася аб гатоўнасці і жаданні ўсіх езуітаў Беларусі падпарадкавацца волі Папы Рымскага ў дачыненні да Таварыства Езуса. Аднак адказ імператрыцы быў адмоўным. Яна не дазволіла зачытаць на тэрыторыі Расіі папскае брэвэ аб касацыі ордэна з 1773 г., а менавіта абнародванне (з-за тыпу папскага дакументу) было ўмовай роспуску Таварыства. 29 студзеня 1773 года Кацярына выдала ўказ, згодна з якім, было забаронена зачытванне ў Беларусі (дзе ў гэты час жыло прыкладна 145 езуітаў) любых распараджэнняў Папы Рымскага без папярэдняга інфармавання імператрыцы.

Такім чынам, задачай Беларускай правінцыі Таварыства Езуса стала забяспячэнне бесперапыннага існаванна ордэна з 1773 года да яго аднаўлення ў 1814 годзе.

Біскуп Станіслаў Сестранцэвіч

30 чэрвеня 1779 года Станіслаў Сестранцэвіч, біскуп Беларускай дыяцэзіі, выдаў пастырскае пасланне, у якім езуітам дазвалялася адкрыць навіцыят і прымаць новых членаў у Таварыства Езуса. Гэтым актам кампетэнтная касцёльная ўлада пацвердзіў ордэн езуітаў, які існаваў у Расіі, і забяспечыла яму будучыню.

25 чэрвеня 1782 года езуіты Беларусі атрымалі дазвол склікаць Генеральную Кангрэгацыю для абрання Генеральнага вікарыя Таварыства. Пасля яе заканчэння скончыўся перыяд нявызначанасці, і настаў час аднаўлення і стабільнасці для ордэна.

У 1800 г. імператар Павел I адправіў Папе Рымскаму Папе Пію VII ліст, у якім хадайнічаў аб аднаўленні дзейнасці езуітаў у Расіі. На наступны год Пантыфік з дапамогай брэвэ “Catholicae fidei” аднавіў Таварыства Езуса ў Расіі, а ў 1814 годзе булай “Sollicitudo omnium ecclesiarum” – ва ўсім свеце.

Высылка з Расійскай імперыі

Адной з прычын высылкі езуітаў з імперыі было абвінавачванне іх у парушэнні забароны навяртання ў каталіцызм. У ХІХ ст. было некалькі выпадкаў сярод расійскай арыстакратыі пераходу ў каталіцызм. Адным з іх быў князь Іван Гагарын, пазней першы рускі езуіт. Ён быў пазбаўлены маёмасці і практычна прыгавораны да выгнання. Рэшту жыцця правёў на Захадзе. Другой прычынай было непрыязнае стаўленне да езуітаў маскоўска-пецярбургскіх інтэлектуальных колаў. Яны паўплывалі на тое, што Аляксандр І, які меў планы рэфармавання вышэйшай расійскай адукацыі, вырашыў выслаць езуітаў за межы імперыі. Усе складнікі царскага рашэння невядомыя, таму канчатковай версіі расійская гістарыяграфія пакуль што не выпрацавала.

Ліквідацыі падлягаў 21 езуіцкі дом, уключна з Полацкай Акадэміяй, дзе вучыліся 700 вучняў і студэнтаў, а таксама ўсе калегіумы. Школы і місіі былі аддадзены пад апеку іншых манаскіх супольнасцяў і дыяцэзіяльнага духавенства, а землі перайшлі дзяржаўным падатковым палатам.  Мемарандум Аляксандра І, датаваны 13 сакавіка 1820 г., забараняў езуітам ступаць на тэрыторыю Расійскай імперыі. Яны былі высланы з усёй імперыі, толькі адзінкам удалося застацца і працаваць у місіях да 1827 г. Прытулак пасля цяжкіх перамоў з імператарам знайшоўся ў Галіцыі. У 1827 г. была атрымана юрыдычная згода на развіццё душпастырскай дзейнасці.

__________

Ілюстрацыя Луіджы Кунега аб зачытванні папскай булы аб аднаўленні Таварыства Езуса.