Што такое пакліканне?
Бог, які ёсць любоўю, няспынна кліча чалавека і чакае, што той адкажа ахвотна і з любоўю. Пакліканне – таямніца боскага выбару. У Бога ёсць унікальная задума адносна кожнага чалавека ў гісторыі збаўлення. Пан заклікае нас да адносінаў з Ім, але таксама да вызначанага ладу жыцця. Езус кажа: “Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плён” (Ян 15, 16). Маладыя людзі і зараз слухаюць Божы покліч, каб “быць больш, рабіць больш, даваць больш”.
Святы Ігнацый Лаёла лічыў, што кожнае сапраўднае пакліканне ў Таварыства Езуса з’яўляецца вынікам боскага натхнення, жаданнем шчодра і дармова служыць Богу і бліжняму ва ўлонні Касцёла (Канстытуцыі, №540). Іншымі словамі, толькі Святы Дух можа абудзіць праўдзівы імпульс да ўступлення ў Таварыства. У Канстытуцыях Ігнацый апісвае пакліканне як дар, крыніцай якога з’яўляецца нішто іншае, як Божая міласць.
Такім чынам, пакліканне азначае Божы заклік да апостальскага служэння і да канкрэтнага ладу жыцця, і галоўнай мэтай гэтага паклікання з’яўляецца служэнне Богу і праца дзеля збаўлення душаў. Пакліканы езуіт з’яўляецца сведкам прысутнасці ўваскрослага Хрыста ў нашым свеце.
Ці ёсць у мяне пакліканне?
Зразумець сваё пакліканне не так лёгка; многія людзі не задаволены сваёй працай, прафесіяй або сужэнствам, магчыма, менавіта па той прычыне, што кепска распазналі, да чаго іх кліча Бог. Для ўсведамлення свайго паклікання патрэбныя глыбіня, засяроджанасць, цішыня і сталасць. Зразумець сваё пакліканне перашкаджае павярхоўнасць і шматлікія фактары, якія з дня ў дзень адцягваюць нашую ўвагу.
Сацыяльная сістэма, якая ў наш час кіруе светам, і парадыгмы, якім вучаць маладых людзей, ствараюць пэўныя недахопы, што таксама становяцца перашкодамі ў прыняцці рашэння. Сацыяльнае асяроддзе прыводзіць да фрагментацыі нашага жыцця і выбара, заснаванага толькі на крытэрыях будучага эканамічнага дабрабыту і асабістага камфорту. Адна з асноўных перашкодаў для тых, хто хоча прыняць рашэнне адносна служэння – адсутнасць неабходных для яго прыняцця ўмоў у іх чалавечым і хрысціянскім жыцці. Недахоп досведу Божай любові або адсутнасць малітоўнага жыцця могуць не дазволіць ім прыняць падобнае рашэнне адносна, напрыклад, уступлення ў Таварыства Езуса.
Калі мы занурваемся ў глыбіню сваёй душы, то сутыкаемся з галасамі, якія мы звычайна не слухаем, і адчуваем, як сэрца вядзе нас да нечага большага, таго яшчэ, што ёсць па-за намі і перавышае нас, да Бога, які няспынна паказвае нам сэнс нашага жыцця. Сакрэт распазнання паклікання ў тым, каб умець слухаць голас, які паказвае нам шлях.
Для выяўлення свайго паклікання езуіты прапануюць разнастайную духоўную дзейнасць, накіраваную на тое, каб арыентаваць жыццё на Езуса, узрастаць у малітве, вучыцца распазнаванню духаў, знайсці свабоду і атрымаць неабходную інфармацыю для прыняцця канкрэтных рашэнняў. Гэты працэс уключае ў сябе духоўнае суправаджэнне, Духоўныя практыкаванні, вакацыйныя лагеры і іншыя віды духоўнага досведу, якія ствараюць для маладога чалавека ўсе неабходныя ўмовы для прыняцця такіх рашэнняў. У працэсе духоўнага суправаджэння мы імкнемся пазнаёміцца з асабістай гісторыяй маладога чалавека, каб убачыць у ёй заклік да служэння ў Таварыстве Езуса, дапамагаем яму адкрыць канструктыўны і аптымістычны падыход да ўласнага жыцця, інтэгрыраваць у гэты падыход веру і любоў, замацаваць малітоўны вопыт і спрыяць пошуку праўдзівага Божага аблічча.
Хто можа быць езуітам?
Айцец Пэдро Арупэ, генеральны настаяцель езуітаў з 1965 па 1983 год, звяртаючыся да патэнцыяльных кандыдатаў у Таварыства, напісаў такія словы:
“Заставайся дома, калі гэтая думка цябе непакоіць і раздражняе. Не прыходзь да нас, калі любіш Касцёл як мачыху, а не маці. І не прыходзь да нас, калі мяркуеш, што гэтым ты робіш ласку Таварыству Езуса. Прыходзь, калі для цябе служэнне Хрысту – цэнтр твайго жыцця. Прыходзь, калі ў цябе моцныя і шырокія плечы, адкрыты дух, праніклівы розум і сэрца, большае за гэты свет. Прыходзь, калі ўмееш жартаваць і смяяцца з іншымі і… часам смяяцца над самім сабой.”
У Таварыстве Езуса не знойдуць сабе месца тыя, хто хоча забяспечыць сабе будучыню. Яно стане найгоршым месцам для людзей, якія баяцца рызыкаваць, не церпяць навізны і не адкрываюцца насустрач іншым. Немагчыма пачынаць шлях паклікання, не з’яўляючыся людзьмі ўдзячнымі, радаснымі, шчодрымі, здольнымі пакінуць свецкія захапленні, каб ісці за Езусам і з Яго браць прыклад на шляху свайго паклікання.
Быць езуітам значыць адчуваць сябе “грэшнікам, але пакліканым стаць сябрам Езуса” дзеля служэння Богу і людзям. Езуіт – гэта чалавек, які прысвячае сваё жыццё місіі Езуса Хрыста. Быць езуітам – гэта значыць далучыцца да апостальскага цела, якім ёсць Таварыства Езуса, і прынесці манаскія абяцанні (беднасці, чысціні і паслухмянасці). Езуіты павінны быць напагатове, каб выправіцца ў любы куток свету, дзе толькі ёсць у іх патрэба, дзеля большай хвалы Божай, перасякаючы геаграфічныя, культурныя і сацыяльныя межы.
Што не з’яўляецца пакліканнем?
- Самарэалізацыя. Гэта не такі жыццёвы шлях, які варта выбраць, каб рэалізаваць асабістыя амбіцыі.
- Альтруістычны выбар. Быць велікадушным і добрым чалавекам, прысвяціць сябе справам міласэрнасці і справядлівасці не азначае быць пакліканым. Жаданне дапамагаць – цудоўнае імкненне, але гэта яшчэ не ўсё. Без праўдзівага Божага закліку і жывых адносінаў з Хрыстом мы хутка слабнем у сваіх добрых намерах.
- Прафесія. Пакліканне часта блытаюць з прафесійнай дзейнасцю. Прафесія – гэта занятак, у якім увасабляецца здольнасць чалавека да выканання канкрэтных функцый, гэта рамяство, у якім чалавека здабывае пэўны поспех. Гаворачы аб пакліканні, мы маем на ўвазе больш, чым прафесіяналізм, уменні і адданасць сваёй справе.
- Хобі, захапленне. Часта гэтае паняцце ідэалізуецца, аднак яно часам бывае адарваным ад рэальнасці і не мае дачынення да служэння.
- Лад жыцця. Часта пакліканне звязваюць з выбарам вызначанага спосабу жыцця: сужэнства, бясшлюбнасці, бацькоўства і г.д. У такім выбары ёсць элементы паклікання, аднак пакліканне гэтым не вычэрпваецца.
- Прывілей. Існуе меркаванне, што пакліканне – Божы дар і прывілей для выбраных. Бог сапраўды кліча, каго хоча, але ў Яго ёсць план адносна кожнага чалавека, і перад Богам усе людзі роўныя. Біблія кажа, што святар выбіраецца з народа для служэння, аднак сам ён слабы.
- Асвячэнне. Ёсць людзі, якія, чуючы слова “пакліканне”, атаясамліваюць яго са святасцю. Святарскае пакліканне падразумявае сталае судакрананне са святымі рэчамі, і ўсё ж кожнае пакліканне з’яўляецца заклікам да святасці; яно заўжды святое.
Ці ёсць абмежаванні адносна ўступлення ў Таварыства Езуса?
Звычайна ўзрост кадыдатаў складае ад 18 да 35 год, хоць ва ўзроставых і іншых абмежаваннях дапускаюцца выключэнні, якія разглядаюцца настаяцелем, згодна з Канстытуцыямі Таварыства Езуса і кананічным правам Каталіцкага Касцёла.
Да ўступлення ў Таварыства Езуса кандыдат павінен не менш за тры гады знаходзіцца ва ўлонні Каталіцкага Касцёла. У кандыдата спадзяюцца ўбачыць жаданне ісці за Езусам, весці духоўнае і малітоўнае жыццё, актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла, а таксама шчыра імкнуцца служыць Богу і Божаму народу. Ён павінен быць гатовым да працяглай фармацыі (духоўнай падрыхтоўкі і акадэмічнай адукацыі), а таксама да працы з людзьмі любога паходжання і да разнастайных спраў служэння ў розных частках свету.
Калі вас цікавіць езуіцкае пакліканне, і ў вас з’явіліся пытанні, альбо вы маеце жаданне стаць кандыдатам, калі ласка, напішыце нам.
а. Віктар Жук SJ
E-mail: [email protected]